У Гомлі 26 дзетак пайшлі ў першы беларускамоўны клас


У Дзень ведаў беларуска-славянская гімназія імя Івана Мележа №36 прыняла першы беларускамоўны клас.

Некалькі гадоў таму гімназія выпусціла апошні 11 клас, які навучаўся на мове тытульнай нацыі.  Лічылася, што толькі выхаваўчы працэс тут вядзецца па-беларуску.

«Калі я сюды прыйшла ў першы раз, то ўся гімназія была беларускамоўная, таму я не думаю, што будзе цяжка выкладаць на мове. Бацькі сёння ідуць да настаўнікаў, і яны даверылі мне навучанне па-беларуску», – заўважае настаўніца 1 «А» класу Людміла Алясюк.

На ўрачыстай лінейцы былі віншаванні, песні і вершы, амаль увесь час гучала родная мова. Бацькі першакласнікаў хваляваліся не менш за дзяцей.

«Мы ішлі да Людмілы Васільеўны, бо дачка таксама ў яе навучалася, але на рускай мове. Беларускіх класаў магло б быць болей, але шмат што залежыць ад добрага настаўніка», – кажа Аркадзь, які аддаў сына ў 1 «А» клас.

Дырэктарка гімназіі Святлана Рагавенка падзякавала бацькам першакласнікаў за тое, што яны зразумелі і пачулі заклік аддаць дзяцей навучацца па-беларуску, падкрэслівала, што ў гімназіі ганарацца нацыянальнымі традыцыямі і любяць мову.

«Зразумела, што спачатку нам было складана растлумачыць бацькам чаму варта навучацца па-беларуску, і працы было шмат. Мы размаўлялі з бацькамі, іх галоўным аргументам супраць была адсутнасць беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці. Мы казалі, што дзеці будуць паступова знаёміцца з мовай, крок за крокам ісці поруч з настаўніцай», – распавядае дырэктарка.

Пасля лінейкі 1 «А» клас пайшоў на ўрок з назвай «Нам гэты свет завешчана берагчы».

З гэтага навучальнага года ў Гомлі да адной існай дадаліся дзве беларускамоўныя групы ў садках № 160 і № 47.

АА, belsat.eu

Стужка навінаў