У гомельскім каледжы хлопец зладзіў страляніну з пнеўматычнага пісталета

У аўтамеханічным каледжы ў Гомлі сёлета ў лютым 18-гадовы студэнт абстраляў з пнеўматычнага пісталета вокны, падлогу і стэнд з фотаздымкамі настаўнікамі. Міліцыя даведалася пра гэта толькі праз месяц, і цяпер хлопцу пагражае да трох гадоў турмы.

«Мы высветлілі, што 18-гадовы навучэнец каледжа купіў пнеўматычны пісталет у свайго знаёмага і ў навучальным корпусе абстраляў вокны, падлогу і стэнд з фотаздымкамі выкладчыкаў, чым нанёс матэрыяльную шкоду. Добра што пацярпелых не аказалася», – распавялі ў 8-ым упраўленні ГУБАЗіК МУС па Гомельскай вобласці.

Пісталет, з якога страляў студэнт. Фота – mvd.gov.by

Хлопца затрымалі, цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. У яго дачыненні распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь – «злоснае хуліганства». Студэнту пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

У міліцыі ўпэўнены, што хуліганства хлопца наўпрост звязана з тым, што ён нібыта з’яўляецца адным з лідараў каляфутбольнай неанацысцкай групоўкі, «прыхільнікам і распаўсюднікам ідэяў фашызму».

«Таксама юнак пастаянна канфліктуе з навучэнцамі і выкладчыкамі, спрабуе паказаць сваю непавагу і перавагу над імі. Зламыснік і яшчэ некалькі сакурснікаў могуць быць датычныя да здзяйснення махлярстваў, крадзяжоў і розных прымусаў навучэнцаў малодшых груп каледжа. Гэтыя звесткі, а таксама прычыны, з-за якіх крымінальны факт замоўчваць працяглы час, трэба будзе высветліць», – адзначаецца ў прэс-рэлізе МУС.

ІІ, belsat.eu

Hавiны