У Фрунзенскім раёне Менску забракавалі ўсе подпісы за вылучэнне Бабарыкі і Цапкалы


Выбарчая камісія Фрунзенскага раёну Менску забракавала ўсе подпісы за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў юрыст і назіральнік на выбарах Юрый Чавусаў.

Чавусаў нагадаў, што Фрунзенскі раён – найбуйнейшая тэрытарыяльная адзінка краіны (там зарэгістравана больш за 230 тысяч выбарнікаў). 29 чэрвеня выбарчая камісія забракавала подпісы за вылучэнне Бабарыкі (здаваў 47.190 подпісаў) і Цапкалы (здаваў 17.853).

«У абодвух выпадках па выніках двух тураў праверкі былі прызнаныя несапраўднымі па 16% правераных подпісаў – у выніку былі забракаваныя ўсе. Па астатніх вылучэнцах: Дзмітрыеў – прызнаныя сапраўднымі 9.818 подпісаў, Канапацкая – 16.972 подпісы, Лукашэнка – 52.578, Ціханоўская – 7.253 подпісы», – паведамляе назіральнік.

Толькі што камісія Фрунзенскага раёна Менску агучыла вынікі праверкі подпісаў. У найбуйнейшай тэрытарыяльнай адзінке…

Opublikowany przez Yurego Chavusau Poniedziałek, 29 czerwca 2020

Раней улады забракавалі подпісы Бабарыкі і Цапкалы ў Савецкім раёне Гомля. Таксама былі забракаваныя подпісы Цапкалы Кастрычніцкім раёне Віцебску і ў Светлагорскім раёне.

Нагадаем, у штабе Бабарыкі сцвярджалі, што агулам па краіне сабралі больш за 430 тысяч подпісаў. Цапкала заяўляў пра 200 тысяч подпісаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў