У Дзярждэпартаменце ЗША заявілі, што дазвол імпрэзаў Дня Волі – 2019 паўплывае на сітуацыю з санкцыямі


Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Джордж Кент заявіў, што пытанне пра канчатковае зняцце санкцыяў супраць Беларусі залежыць ад далейшых крокаў афіцыйнага Менску ў сферы правоў чалавека і дэмакратыі.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю Tut.by.

Кент нагадаў, што менавіта праз парушэнне правоў чалавека ў Беларусі пачаткова і ўвялі санкцыі. Дзеянне абмежавальных захадаў прыпынілі пасля вызвалення палітвязняў у 2015 годзе. У кастрычніку 2018 года ЗША працягнулі рэжым часовага прыпынення санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх кампаніяў не на шэсць месяцаў, як рабілася раней, а на дванаццаць. Пры прыняцці рашэння аб павелічэнні гэтага перыяду, тлумачыць дыпламат, урад ЗША ўлічваў шмат якія фактары, у тым ліку ў цэлым пазітыўны падыход уладаў Беларусі да свабоды сходаў на працягу 2018 года, які быў прадэманстраваны пры правядзенні святочных імпрэзаў 25 сакавіка з нагоды стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Дазвол на правядзенне падобнага мерапрыемства 25 сакавіка гэтага года будзе расцэнены як чарговы крок наперад», – адзначае прадстаўнік Дзярждэпу ЗША.

Джордж Кент падкрэсліў:

«Калі Беларусь зробіць далейшыя крокі ў сферы правоў чалавека і дэмакратыі, мы можам разгледзець магчымасць далейшага змякчэння санкцый».

На гэтым тыдні Кент наведаў Беларусь. «Я прыехаў у Менск, каб яшчэ раз заявіць аб нашай падтрымцы суверэнітэту і незалежнасці Беларусі і пацвердзіць наша імкненне да канструктыўных стасункаў з народам і ўладамі Беларусі», – заявіў дыпламат.

Паводле яго, Вашынгтон вітаў рашэнне ўладаў Беларусі аб адмене абмежаванняў, накладзеных на памер амерыканскай дыпламатычнай прысутнасці ў краіне. Праўда, назваць канкрэтныя тэрміны, калі ў Менск прыедзе амерыканскі амбасадар, прадстаўнік Дзярждэпу не можа.

Аб’ектыў
Беларусь – ЗША: дэманстрацыя «адлігі»
2019.01.11 21:35

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў