У дачыненні да блогера Кабанава аднавілі спыненую раней крымінальную справу

У дачыненні да блогера і актывіста з Бярозы Аляксандра Кабанава адноўленая крымінальная справа, якую следчыя зачынілі некалькі месяцаў таму.

«Справу аднавіла Берасцейская абласная пракуратура. Я пакуль не атрымаў ніякіх дакументаў, толькі са словаў адваката ведаю пра гэта. Наагул я падазраю, што мне прыйдзе пастанова з ператрусам. Есць у мяне такія падставы так меркаваць. Ім трэба ж неяк працягваць рабіць сваю справу», – паведаміў «Белсату» Аляксандр Кабанаў.

Крымінальная справа ў дачыненні да Аляксандра Кабана была распачата ў сакавіку бягучага году. Яму інкрымінавалі прысваенне грошай таварыства ўласнікаў жытла. Справу распачалі паводле заявы суседа Кабанава, які працуе ў міліцыі. Сусед сведчыў, што Кабанаў, калі працаваў два гады таму старшынём таварыства, прысабечыў каля 400 рублёў. На справе высветлілася, што Кабанаў за працу на пасадзе старшыні таварыства атрымліваў заробак у памеры 120 рублёў за месяц. Таму ў ліпені крымінальную справу спынілі за адсутнасцю складу злачынства. Але цяпер вырашылі аднавіць зноў.

Аляксандр Кабанаў – вядомы блогер, а таксама праціўнік будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасцем. Кабанаў вылучаўся на выбары ў Палату прадстаўнікоў, але яго не зарэгістравалі. Мала таго, кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў актывістаў у Берасці, што тыя нібыта «гвалтам крычаць».

Асобы пратэсту супраць акумулятарнага заводу ў Берасці. Хто яны?

«Я ж папярэджваў, калі ў вас быў на 1000-годдзі, што глядзіце, у вас некаторыя акумулятаршчыкі гэтыя, пачнецца перадвыбарная кампанія, і вы зразумееце, чаму яны гвалтавалі. Яны ўсе вылучыліся кандыдатамі ў дэпутаты. То бок ім пофіг гэты акумулятарны завод, яны заўтра гатовыя матануць у Менск і тут бадзяцца па гэтай вуліцы і ціхенька паводзіць ці ж гвалтам крычаць ужо на менскіх плошчах», – сказаў кіраўнік краіны.

Міліцыянты ў Берасці ладзілі пераслед праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу. У дачыненні да Майсея Мазько наагул была заведзена крымінальная справа за захоўванне боепрыпасаў. Але следчыя гэтую справу спынілі.

Праціўнікі акумулятарнага заводу ў Берасці: улады ўмешваюцца ў выбарчы працэс

СК belsat.eu

Hавiны