У Берасці застрэліўся афіцэр Следчага камітэту. Раней ён вазіў намесніка дзяржсакратара Савету бяспекі?


Паводле папярэдніх неафіцыйных звестак, жыццё самагубствам скончыў кіроўца былога начальніка УСК па Берасцейскай вобласці Аляксандра Рахманава.

Інфармацыю атрымаў блогер NEXTA. Паводле крыніцаў блогера, самагубства было зробленае не са службовай зброі, а з асабістай паляўнічай дубальтоўкі ТОЗ-34. Інфармацыю пацвердзілі некалькі не звязаных паміж сабою крыніцаў. Крыніцы блогера сцвярджаюць, што нябожчык раней быў асабістым кіроўцам цяперашняга намесніка дзяржсакратара Савету бяспекі, а таксама мог працаваць на КДБ.

Прэсавая служба Следчага камітэту пацвердзіла смерць супрацоўніка.

Аляксандр Рахманаў. Фота Следчы камітэт

Прэс-сакратар КДБ Беларусі Андрэй Яраш у размове з Belsat.eu адмовіўся пракаментаваць інфармацыю, апублікаваную ў «Telegram’е» блогера NEXTA.

«Я не каментую чуткі», – сказаў прадстаўнік КДБ.

  • Аляксандр Рахманаў, пад кіраўніцтвам якога імаверна працаваў мужчына, пачынаў кар’еру ў органах у 1998 годзе з Віцебскага аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. На пачатку 2000-ых гадоў працаваў у пракуратуры Берасцейскай вобласці. Пяць гадоў быў у Радзе Бяспекі, пасля яго прызначылі кіраваць Берасцейскім абласным упраўленнем СК.
  • У 2017 годзе Лукашэнка прысвоіў яму спецыяльнае званне генерал-маёра юстыцыі. У чэрвені 2019 года Рахманава прызначылі на пасаду намесніка дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі.

ДР, ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў