У Берасці з’явіліся плакаты з патрабаваннем выпусціць на свабоду Майсея Мазька. Фотофакт

Учора партрэт Маісея распаўсюджвалі ў сацыяльных сетках, а сёння ён з’явіўся на гарадскіх вуліцах.

4 красавіка пачалася грамадская кампанія ў падтрыманне актывіста супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу Майсея Мазька.

Мэта кампаніі – дабіцца вызвалення актывіста. Учора некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак змянілі свае профільныя выявы на партрэт Майсея Мазька з надпісам «Свабоду Майсею». А сёння кампанія выйшла на вуліцы Берасця.

Партрэт актывіста побач з супермаркетам і рынкам.

Таксама актывісты заклікаюць людзей дасылаць лісты і паштоўкі на імя Майсея ў ІЧУ Ленінскага РАУС Берасця.

Нагадаем, 2 красавіка ў другой палове дня ў машыне, у якой ехаў актывіст Майсей Мазька, знайшлі патроны, брыкет неўстаноўленага рэчыва, а таксама прадмет, вонкава падобны на запал выбуховага прыстасавання.

На актывіста завялі крымінальную справу. Праваабаронцы і актывісты з Берасця лічаць, што гэта правакацыя.

Затрыманне Мазька – правакацыя ўладаў, лічаць родныя актывіста

Жыхар вёскі Тэльмы Берасцейскага раёну Майсей Мазька з’яўляецца ўдзельнікам ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасцем. Больш за год ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёну, а таксама яе прыхільнікі змагаюцца супраць запуску заводу ды ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекту. Прадстаўнікі заводу, прыродаахоўных арганізацыяў і чыноўнікі запэўніваюць, што асцярогі марныя і парушэнняў няма.

АС belsat.eu

Hавiны