У Берасці праваабаронца Кісляк ідзе на выбары, а ў блогера Пятрухіна - каронавірус


Заяву ў ЦВК берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк адправіў з ізалятару, дзе перабывае з 11 траўня.

Чацвёрты дзень запар у судзе Ленінскага раёну Берасця працягваюцца адміністратыўныя працэсы над праціўнікамі акумулятарнага заводу і праваабаронцамі. 14 траўня актывісты ізноў атрымалі буйныя штрафы, але на гэты раз большасць з іх была адпушчана на свабоду.

Раман Кісляк: Я заяўляю аб удзеле ў прэзідэнцкіх выбарах

Праваабаронцу Рамана Кісляка затрымаў АМАП 10 траўня адразу пасля акцыі супраць запуску акумулятарнага заводу. Рамана спачатку даставілі ў ІЧУ Кобрына, а затым у ІЧУ Берасця, і 11 траўня Кісляк быў аштрафаваны на 30 базавых велічыняў (810 рублёў).

14 траўня суд Ленінскага раёну Берасця разгледзеў яшчэ два пратаколы, складзеныя супраць праваабаронцы, але працэс быў перанесены на 19 траўня. Кісляк быў вызвалены з пад варты.

«Рэпрэсіі, якія цяпер ідуць супраць праціўнікаў акумулятарнага заводу, я наўпрост звязваю з прэзідэнцкімі выбарамі. Нас ізалявалі, трымалі асобна, не давалі асадку, каб можна было напісаць заяву. Усіх, хто патэнцыйна мог быць кандыдатам у прэзідэнты – усіх ізалявалі.

Толькі праз некалькі дзён у берасцейскім ІЧУ мне ўдалося атрымаць асадку і некалькі аркушаў паперы, я напісаў скаргу і заяву аб удзеле ў выбарах. У мяне не было іншай магчымасці перадаць заяву ў выбарчую камісію, як папрасіць адправіць яе начальніка ІЧУ. Цяпер я заяўляю, я буду ўдзельнічаць у выбарах і вылучацца ў кандыдаты ў прэзідэнты, – заявіў Раман Кісляк belsat.eu

Некалькі дзён ніхто не ведаў, дзе знаходзіўся праваабаронца, а пра тое, што ён у ІЧУ, маці Рамана паведамілі толькі праз содні.

Hавiны
Больш за $ 3000 штрафаў, і гэта не канец. У Берасці судзяць праціўнікаў акумулятарнага заводу
2020.05.13 19:57

Плюс дзве тысячы долараў новых штрафаў

Акрамя Кісляка 14 траўня судзілі і актывістаў, якія выступаюць супраць акумулятарнага заводу. Уладзімір Мароз атрымаў 30 базавых велічыняў, раней ён быў аштрафаваны на такую ж суму. Віталь Казак быў аштрафаваны на 80 базавых велічыняў. Дзяніс Малышэнка атрымаў 50 базавых штрафу (плюс да 60 базавых, атрыманых на пачатку тыдня). Усе аштрафаваныя былі адпушчаныя на свабоду.

Таксама вядома, што 15 траўня адбудуцца суды над Уладзімірам Вялічкіным і актывістамі Валерам Фамінскім і Юрыем Калько.

Агулам штрафы праціўнікаў заводу за апошні тыдзень склалі 13230 рублёў або 5500 долараў.

Актывісты абвесцілі збор сродкаў на аплату штрафаў.

Таксама 14 траўня пацвердзіўся каронавірус у блогера Сяргея Пятрухіна, які атрымаў 15 содняў арышту і знаходзіцца ў Цэнтральнай гарадской больніцы. Раней каронавірусная інфекцыя пацвердзілася ў іншага блогера – аўтара каналу «Народны рэпарцёр» Аляксандра Кабанава.

Hавiны
У блогера Аляксандра Кабанава – COVID-19, Сяргея Пятрухіна забралі ў шпіталь з ізалятару
2020.05.12 20:06

АС belsat.eu

Стужка навінаў