У Берасці пракурор запатрабаваў 5 і 7 гадоў турмы экс-міліцыянтам, якіх абвінавачваюць у махлярстве


24 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Берасця прайшлі спрэчкі па крымінальнай справе двух былых супрацоўнікаў міліцыі, якія абвінавачваюцца ў буйных махінацыях, у тым ліку і з нерухомасцю.

Па справе праходзяць два былыя міліцыянты, Валер К., і Юрый Г., якія працавалі ўчастковымі ў Ленінскім РАУС Берасця, паведамляе TUT.BY. У справе з махлярствам праходзяць трое пацярпелых. Сваякі абвінавачаных кампенсавалі ім шкоду ў поўным аб’ёме. Самае цяжкае злачынства, якое інкрымінуецца экс-міліцыянтам – махлярства ў асабліва буйным памеры – тычыцца махінацыяў з нерухомасцю.

У верасні 2015 года міліцыянты пераканалі прадаць двухпакаёвую кватэру берасцейца Юрыя О., які злоўжываў алкаголем і вёў асацыяльны лад жыцця. Пацярпеламу яны паабяцалі набыць новае жыллё ў адным з райцэнтраў Берасцейскай вобласці. Кватэру абвінавачаныя прадалі праз знаёмага, якому не распавядалі пра схему. У выніку былыя ўчастковыя атрымалі 31 тысячу долараў. Але грошай уладальнік жылля, якога яны пасялілі ў чужым доме ў Кобрынскім раёне, так і не атрымаў.

Мала таго экс-міліцыянты запатрабавалі ў гэтага ж мужчыны зняць грошы з валютнага дэпазіту, які той атрымаў у спадчыну пасля смерці маці. Мужчына выканаў патрабаванне службоўцаў.

Былы ўчастковы Юрый Г. акрамя гэтага абвінавачваецца ў тым, што прысабечыў ноўтбук і мабільны тэлефон іншага ўдзельніка працэсу, жыхара Берасця Рамана К.

Валер К. абвінавачваецца яшчэ і ў тым, што ў снежні 2016 году падчас правярання ў дачыненні да жыхара Масквы, які ў бары пабіўся з наведнікам, запатрабавалі ў расейца грошы нібыта для таго, каб перадаць іх у шпіталь пацярпеламу і залагодзіць канфлікт. Спалоханы расеец аддаў участковаму 235 беларускіх рублёў і 20 тысячаў расейскіх, якія міліцыянт так і не аддаў пацярпеламу, пісала «Брестская газета».

У сваім выступе дзяржабвінаваўца адзначыла, што лічыць віну экс-праваахоўнікаў даказанай. Аднаго абвінавачанага, Валерыя К., пракурор папрасіла прызнаць вінаватым у махлярстве ў асабліва буйным памеры, перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў і прызначыць 5 гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (12 750 рублёў), пазбаўленнем звання «маёр міліцыі »і права займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады, тэрмінам на 5 гадоў. Валерый К. прызнаў віну толькі па эпізодах з махлярствам. Яго адвакат папрасіў суд не караць падабароннага строга і прызначыць 3 гады пазбаўлення волі.

Валерый К. у сваім апошнім слове таксама папрасіў суд пра гэта:

«Сорамна, што мы з ім насілі форму і абаранялі грамадзянаў, а цяпер апынуліся на лаве падсудных. Я прашу дараваць мне за мае супрацьпраўныя дзеянні».

Для другога экс-участковага, Юрыя Г., пракурор запрасіла 7 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Абвінавачванне таксама папрасіла суд прызначыць яму 800 базавых велічыняў (20 400 рублёў) штрафу, пазбавіць звання «лейтэнант міліцыі» і права займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцыяў прадстаўніка ўлады, тэрмінам на 5 гадоў. Юрый Г. сваю віну не прызнаў. Ён адмаўляў свой удзел у інкрымінаваных яму злачынствах і адзначыў, што на лаву падсудных трапіў па віне свайго былога напарніка, Валерыя К., якому ў сваім апошнім слове ён іранічна сказаў «вялікі дзякуй»:

«Я давяраў гэтаму чалавеку. Усё. Давер вычарпаны. Усё, што ён прасіў, я зрабіў. Усім, чым змог, дапамог. А зараз бачу, як ён дапамог мне».

Прысуд экс-міліцыянтам абвесцяць 1 лютага.

Hавiны
Журналіст Алесь Ляўчук: Улады тэрарызуюць маю сям’ю
2018.11.05 17:11

СК, belsat.eu

Стужка навінаў