У Берасці на сельскагаспадарчым кірмашы прадаюць гіганцкую моркву

На традыцыйных восеньскіх сельскагаспадарчых кірмашах часам можна знайсці зусім не сярэднестатыстычных памераў садавіну і гародніну.

Гіганцкая морква і тэлефон. Фота: Belsat.eu

На сельскагаспадарчым кірмашы ў Берасці журналісты «Белсату» знайшлі гіганцкую моркву. Вырасла морква ў вёсцы Міжлессе, што ў 30 кіламетрах ад Лунінца.

Морква даўжынёй 34 сантыметры, нават большая за мікрафон «Белсату». Фота: Belsat.eu

Памеры – зусім не сярэднестатыстычныя: 34 сантыметры ў даўжыню і 1111 грамаў вагі. І хоць морква гэтая вылучалася сярод астатніх, каштавала яна зусім мала – усяго 15 капеек.

Морква ледзь змясцілася на кухонныя вагі. Важыць 1111 грамаў. Фота: Belsat.eu

– Мы з жонкай набылі гэтую моркву, пайшлі з ёй у руках далей па кірмашы і адразу адчулі сябе зоркамі: людзі сталі звяртаць увагу, нехта смяяўся, нехта здзіўляўся. Адзін з гандляроў сказаў, што ў гэтым годзе ў Камянецкім раёне ў яго вырасла яшчэ большая морква: 1 кілаграм 200 грамаў. Але, на жаль, мужчына яе не сфатаграфаваў, а скарміў жывёлам, – падзяліўся эмоцыямі журналіст Алесь Ляўчук.

Журналіст «Белсату» Алесь Ляўчук уражаны памерамі ўраджаю. Фота: Belsat.eu

АС Belsat.eu

Hавiны