У Берасці мужчына абліў гаручай вадкасцю судовага выканаўцу


Раніцай 9 кастрычніка 69-гадовы жыхар Берасцейскага раёну ў адным з кабінетаў Аддзелу прымусовага выканання «абліў неўсталяванай вадкасцю 27-гадовага судовага выканаўцу і ягонае працоўнае месца». Мужчыну затрымалі міліцыянты. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Следчага камітэту.

Паводле МУС, калі мужчына зайшоў у пакой да судовых выканаўцаў, ён стаў выказваць незадаволенасць спагнаннем з яго запазычанасці па нясплочаным штрафам за адміністратыўныя правапарушэнні (па лініі ДАІ).

«У лічаныя секунды мужчына дастаў палімерную бутэльку і пачаў абліваць празрыстай вадкасцю аднаго з судовых выканаўцаў, яго працоўнае месца і падлогу. Міліцыянт, які стаяў спіной, адчуўшы характэрны для гаручай вадкасці пах і пачуўшы воклічы працаўніка Аддзелу прымусовага выканання, імгненна прыняў меры для спынення супрацьпраўных дзеянняў і адвёў мужчыну ў бок», – паведамляюць у міліцыі.

У паведамленні МУС адзначаецца, што міліцыя перадухіліла трагедыю. Пры гэтым ні МУС, ні СК не кажуць, якой вадкасцю абліў судовага выканаўцу мужчына, і ці меў ён намер падпаліць дзяржслужбоўцу. Каб высветліць хімічны склад вадкасці прызначаная адпаведная экспертыза.

СК паведамляе, што супраць затрыманага распачалі крымінальную справу па ч.1 ст.366 Крымінальнага кодэкса (Гвалт або пагроза ў дачыненні службовай асобы). Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў