У Берасці можа з'явіцца мячэць імя Кадырава


Грошы на будаўніцтва мячэці можа вылучыць кіраўніцтва Чачэнскай рэспублікі, распавёў у інтэрв’ю тэлеканалу «Чачэнія Сёння» муфтый Беларусі Абу-Бекір Шабановіч.

Муфтый пабываў у Чачэніі і сустрэўся з дарадцам Рамзана Кадырава ў справах мусульман Салах-Хаджы Межыевым.

«У нас ідуць такія перамовы паміж адміністрацыямі нашых прэзідэнтаў аб тым, каб у Берасці – гэта вялікі, я б сказаў, вельмі значны абласны цэнтр нашай рэспублікі, які мяжуе з Рэспублікай Польшча, там вельмі шмат вернікаў-мусульман. І на жаль, няма ў нас, у маладога духоўнага ўпраўлення мусульман рэспублікі магчымасці самім пабудаваць такі значны абʼект. Хоць бы з колькасцю вернікаў да 200 чалавек. Таму мы просім такой дапамогі ў гэтым кірунку», – сказаў Шабановіч.

Паводле яго словаў, мячэць неабходная таму, што менавіта ў Берасці жывуць шмат чачэнцаў-мусульман, якія пакінулі радзіму. На думку муфтыя, рэлігійная ўстанова павінна насіць імя Размана Кадырава ці ягонага бацькі Ахмата.

«І мы гатовыя прысвяціць такі абʼект братам, героям Расеі, камусьці – ці то Ахмату, ці то Рамзану Кадыраву. Яны заслугоўваюць гэтага. Падтрымліваць не толькі такую ​​памяць, але і дэманстраваць прыклад для грамадзянаў нашай рэспублікі», – патлумачыў ён свой намер.

Акрамя таго, Шабановіч папрасіў у чачэнскіх уладаў дапамогі ў стварэнні мемарыяльнага комплексу на месцы старых мусульманскіх могілак у Менску.

Рамазан Кадыраў наведваў Менск і ў 2017 годзе, і сёлета ў чэрвені. Падчас апошняга візіту Лукашэнка ўзнагародзіў кіраўніка Чачэніі ордэнам Дружбы народаў.

Падчас першай чачэнскай кампаніі Кадыраў ваяваў супраць федэральных войскаў, але ў 1999 годзе перайшоў на бок Расеі. Міжнародная супольнасць вінаваціць яго ў шматлікіх замоўных выкраданнях і забойствах як у Чачэніі, так і за яе межамі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў