У Берасці каля будоўлі элітнага жылога кварталу паклалі 11 вянкоў


Гэтак мясцовыя жыхары спрабуюць пратэставаць супраць будоўлі кварталу ў цэнтры Берасця, дзе раней знайшлі парэшткі больш як 600 мірных людзей.

Фатаграфія і надпіс з’явіліся раніцай 24 лютага на месцы масавых расстрэлаў габрэяў у берасцейскім гета

Берасцейцы працягваюць пратэставаць супраць будоўлі элітнага жылога кварталу ў цэнтры гораду. Гэта месца, дзе рабочыя знайшлі парэшткі людзей. Парэшткі вывезлі, а будоўлю на касцях працягнулі. Улады гораду будаўніцтва не спынілі, супраць элітнага жытла на месцы гета паўсталі звычайныя жыхары.

Вянкі ад жыхароў розных раёнаў Берасця ўздоўж будоўлі на месцы масавых расстрэлаў

24 лютага на месцы будоўлі правялі адразу дзве акцыі пратэсту. Спачатку невядомыя размясцілі на плоце фатаграфію габрэйскай дзяўчынкі, і пакінулі надпіс на іўрыце і расейскай мове наступнага зместу: «Не будуйце дамы на нашых костках, ня падсыпайце імі дарогі! Спыніце будоўлю».

Жанчына фатаграфуе вянкі каля будоўлі

Потым актывіст Віталь Казак прывёз на месца масавых расстрэлаў 11 вянкоў – ад імя жыхароў кожнага з раёнаў гораду. Ён патлумачыў «Белсату», чаму гэта зрабіў.

– Добры кавалак у цэнтры гораду прадалі інвестару – і, нягледзячы на знойдзеныя косткі, тут вядуцца працы. Бачыце: кран стаіць, а тут астанкі нашых суграмадзянаў, нашых берасцейцаў – дзяцей, жанчын, нявінна забітых. Пад корань была ссечана абшчына наша берасцейская. Але ўладам пляваць. Як мы будзем адзначаць 1000-годзе Берасця? Таму мы хочам, каб улады спынілі будоўлю, а на гэтым месцы паставілі помнік усіх забітым берасцейцам, а за помнікам разбілі сквер, гэтага ўсе берасцейцы хочуць.

Акцыя ў Берасці

Па словах Віталя Казака, ён пачынае кампанію па зборы подпісаў на імя Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем спыніць будоўлю на костках.

Нагадаем, некалькі тыдняў таму грунт, магчыма з гэтай будоўлі, вывезлі для будаўніцтва дарогі ў прыватны сектар Берасця – там мясцовыя жыхары і знайшлі косткі людзей са слядамі ад куль.

Падчас другой сусветнай вайны на месцы будаўніцтва элітнага жылога кварталу размяшчалася берасцейскае гета, у ім нацыстамі ў 1942 годзе была знішчана палова жыхароў Берасця – больш за 25 тысячаў чалавек.

Вянкі ад жыхароў розных раёнаў гораду на фоне рэкламы элітнага жытла

Квартал, абмежаваны вуліцамі Савецкая, Дзяржынскага, Куйбышава і праспектам Машэрава, пастанавілі зруйнаваць і мадэрнізаваць яшчэ ў 2012-м годзе, нягледзячы на гістарычнае мінулае гэтага месца. У студзені 2019 году знайшлі косткі людзей, але гэтую інфармацыю ўлады схавалі на некалькі дзён – імаверна, каб яна не прагучала ў сусветны дзень памяць ахвяраў Галакосту. Калі інфармацыя пра расстрэльную яму распаўсюдзілася, улады дамовіліся з габрэйскай суполкай Берасця і працягнулі будаўніцтва.

Пакуль рыхтаваўся артыкул, стала вядома, што вянкі прыбралі невядомыя людзі.

СА, фота аўтара/Belsat.eu

Стужка навінаў