У «Белнафтахіме» распавялі, колькі нафты плануецца імпартаваць з Расеі ў чэрвені

Беларусь плануе атрымаць у чэрвені ад расейскіх кампаніяў каля 1,1 млн тонаў нафты. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Аляксандр Цішчанка, піша БелТА.

Паводле прадстаўніка «Белнафтахіма», па трубаправоду чакаецца пастаўка 1 мільёна тонаў нафты, па чыгунцы – каля 80 тысячаў.

«Гэта значыць, у суме гэта каля 1,1 млн тонаў, фактычна ідэнтычныя пастаўкі з РФ, як і ў траўні», – адзначыў Аляксандр Цішчанка.

Пастаўкі чакаюцца ад дзесяці кампаніяў, у тым ліку «Раснафта», «Башнафта», «Татнафта», «Лукойл», растлумачыў ён.

Што тычацца альтэрнатыўных паставак, па графіку да 5 чэрвеня «Белнафтахім» чакае прыбыцця ў Клайпеду танкера з амерыканскай нафтай.

«З пачатку гэтага года ў нас кожная пятая тона нафты – ад альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. У гэтым годзе было ўжо 11 танкерныя паставак, 12-ы танкер будзе з амерыканскай нафтай, ён яшчэ ў шляху», – дадаў Аляксандр Цішчанка.

Нагадаем, у канцы 2019 года Менск не змог заключыць нафтавыя кантракты з асноўнымі расейскімі кампаніямі-пастаўшчыкамі. У выніку ў першым квартале 2020 года імпарт расейскай нафты ў Беларусь знізіўся на 77% і склаў толькі 1,04 мільёна тонаў. У разгар нафтавага крызісу Аляксандр Лукашэнка паставіў перад урадам задачу знізіць долю Расеі ў нафтавым імпарце Беларусі да 30-40%. Дамовіцца з асноўнымі расейскімі кампаніямі-пастаўшчыкамі атрымалася толькі ў красавіку на фоне агульнасусветнага падзення цэнаў на нафту.

Першапачаткова ў 2020 годзе Беларусь планавала закупіць у Расеі 24 млн тонаў нафты – то бок у сярэднім 2 тоны штомесяц. Аднак у красавіку Беларусь імпартавала толькі 1,56 тонаў расейскай нафты, а ў траўні – 1,13 тонаў.

У Клайпеду прыбыў першы танкер з нафтай, якую Беларусь набыла ў Саудаўскай Аравіі

ІІ belsat.eu

Hавiны