У Бельгіі, нягледзячы на каранцін, адбыліся масавыя сутыкненні з паліцыяй


Паліцыя падчас пратэстаў у Андэрлехце 11 красавіка.
Фота: OLIVIER GOUALLEC / Belga / Forum

У бельгійскай камуне Андэрлехт, якая з’яўляецца часткай Брусельскага сталічнага рэгіёну, адбыліся беспарадкі. Затрыманыя больш за пяцьдзясят чалавек.

Паводле тэлеканалу VRT, нагодай для беспарадкаў стала гібель 19-гадовага хлопца, які 10 сакавіка разбіўся на скутары, спрабуючы сысці ад паліцэйскага патруля. На наступны дзень, піша Le Soir, нягледзячы на каранцін, некалькі дзясяткаў чалавек выйшлі на вуліцу «пратэставаць».

Пасля таго, як маладзёны пачалі кідаць у паліцыянтаў камяні, пачаліся затрыманні. Таксама пратэстоўцы разбілі паліцэйскую машыну і скралі з яе зброю. Выданне La Capitale публікуе кадр чалавека ў чорнай масцы з пісталетам у руках. Пакуль зброя яшчэ не знойдзеная.

Да сярэдзіны дня 12 красавіка было затрымана 57 чалавек. Пры разгоне натоўпу паліцыя ўжывала вадамёты.

Каранцін у Бельгіі быў уведзены 19 сакавіка. Паводле звестак на вечар 12 красавіка, у краіне пацверджана 29 647 выпадкаў заражэння каронавірусам. Каля 3600 чалавек загінулі ад COVID-19.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў