У Беларусі зноў зніжаецца стаўка рэфінансавання

Нацыянальны банк Беларусі паведаміў пра чарговыя зніжэнні ставак рэфінансавання, а таксама ставак для крэдытаў ды дэпазітаў овэрнайт. Гэта – новы гістарычны мінімум для Беларусі.

«З 1 ліпеня 2020 года стаўка рэфінансавання зніжаецца з 8 да 7,75 адсотка гадавых, стаўка па крэдыце овернайт – з 9 да 8,75 адсотка гадавых, стаўка па дэпазіце овернайт – з 7 да 6,75 адсотка гадавых», – адзначаецца ў прэс-рэлізе рэгулятара. Адпаведнае рашэнне было прынятае кіраўніцтвам Нацбанку 22 чэрвеня.

У мінулы раз 20 траўня стаўка рэфінансавання была зніжана з 8,75 % да 8 % гадавых.

У Нацбанку кажуць, што інфляцыя запавольваецца хутчэй, чым чакалася. У траўні 2020 года прырост спажывецкіх цэнаў у гадавым вымярэнні склаў 4,9 % пры 5,4 % у красавіку 2020 года. Гадавая базавая інфляцыя запаволілася да 3,9 % (4,5 % у красавіку 2020 года).

«Больш хуткімі тэмпамі запавольваюцца інфляцыйныя працэсы ў краінах – гандлёвых партнёрах Беларусі. На гэтым фоне замежныя цэнтральныя банкі актыўна зніжаюць свае ключавыя стаўкі. У гэтых умовах Нацыянальны банк таксама працягнуў змякчэнне грашова-крэдытнай палітыкі. Падтрыманне ўмерана мяккіх манетарных умоваў дазваляе захаваць прымальны ўзровень цэнавай і фінансавай стабільнасці», – адзначаецца ў прэс-рэлізе Нацбанку.

Стаўка рэфінансавання – базавы інструмент рэгулявання ўзроўню працэнтных ставак на грашовым рынку, які служыць асновай для ўстанаўлення працэнтных ставак па аперацыях прадастаўлення ліквіднасці банкам. Ад стаўкі рэфінансавання наўпрост залежыць кошт крэдытаў.

У 1994-1995 гадаў стаўка рэфінансавання дасягала 300 і нават 480 %. Яна адлюстроўвала высокі ўзровень інфляцыі ў краіне і агульную фінансавую нестабільнасць. У 2007 годзе стаўку атрымалася знізіць да 10 %, да канца 2010 года стаўка балансавала на ўзроўні ад 10 да 14 %. Але ў 2011 годзе ў Беларусі адбыўся фінансавы крызіс і стаўка дасягнула ўзроўню ў 45 %. З тых часоў стаўка рэфінансавання паступова зніжалася.

ІІ belsat.eu

Hавiны