У Беларусі засталося 47 жыхароў. Як жыве вёска, пазначаная толькі на мапе

Пра сябе мясцовыя кажуць: «Нафты няма, затое ёсць лес». Карэспандэнты Belsat.eu з’ездзілі ў вёску з незвычайнаю назвай і паглядзелі, як там рыхтуюцца да святаў.

Вёска з самай патрыятычнай назваю.

Беларусь – гэта ня толькі краіна, а яшчэ і вёска! Глядзіце, як там жывуць вяскоўцы. https://naviny.belsat.eu/news/u-belarusi-zastalosya-47-zhyharou-yak-zhyve-vyoska-paznachanaya-tolki-na-mape/

Opublikowany przez Белсат TV Poniedziałek, 31 grudnia 2018

Вёска Беларусь на паўночным захадзе Магілёўскай вобласці ніяк не пазначана з дарогі, але пры гэтым яна ёсць на мапах і ў прапісцы мясцовых жыхароў.

Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Дарожных знакаў у населеным пункце Беларусь ніколі не было, бо вёска вельмі маленькая – усяго 2 вуліцы па 10 дамоў. Неспакушаны падарожнік на дарозе Шапялевічы – Круглае нават і не здагадаецца, што праязджае вёску з самай патрыятычнай назвай – Беларусь.

Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Назва вёскі – ад аднайменнага калгасу

Звычайная сітуацыя для мясцовых жыхароў, калі трэба спраўдзіць адрас:

– Беларусь, дом 3, – кажуць мясцовыя.

– Зразумела, што Беларусь, а далей што? – штораз паўстае непаразуменне паміж тым, каму патрэбна пазначыць дакладны адрас і жыхарамі вёскі.

У некаторых жыхароў вёскі Беларусь у пашпарце пазначана, што яны жывуць у пасёлке Беларусь, а ў другіх, што ў вёсцы Беларусь. Фота Вольга Васільева/belsat.eu
У некаторых жыхароў вёскі Беларусь у пашпарце пазначана, што яны жывуць у пасёлке Беларусь, а ў другіх, што ў вёсцы Беларусь. Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Каб раскрыць сакрэт патрыятычнай назвы вёскі Беларусь, едзем у суседнюю вёску Шапялевічы да загадчыцы бібліятэкі Ніны Антонавай.

Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Ураджэнка Кругляншчыны, яна большую частку жыцця пражыла ў вёсцы Беларусь і мае тутэйшую прапіску. Ніна Антонава склала «Летапіс Шапялевіцкага сельскага савета», куды ўвайшло багата інфармацыі пра ўсе навакольныя вёскі.

Загадчыца бібліятэкі ў Шапялевічах Антонава Ніна. Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Соль у ваконных праёмах ратуе ад вільгаці. Фота Вольга Васільева/belsat.eu

З яго мы даведаліся, што вёска Беларусь бярэ сваю назву ад аднайменнай сельгасарцелі, якую тут стварылі ў 1919 годзе (па іншых дадзеных, калгас «Беларусь» стварылі ў 1928 годзе). Гэта быў першы калгас на Круглянскай зямлі.

Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Як значыцца ў летапісе, на 1926 год у Беларусі было 8 двароў і 50 жыхароў, падчас Вялікай Айчыннай немцы спалілі 12 хат. Пасля вайны вёску аднавілі. Спачатку яна ўваходзіла ў Шапялевіцкі сельскі савет, але цяпер цэнтрам раёну зрабілі вёску Цяцерына.

У сельская бібліятэцы вельмі шануюць родную мову, усе стэнды, усе альбомы тут выключна на ёй. Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Вёска Беларусь, як і большасць вёсак Цяцерынскага сельсавету, вымірае. Прычыны тыповыя для ўсёй краіны: старыя адыходзяць, а ўся моладзь з’язджае ў гарады. Цяпер тут 47 жыхароў, хоць у лепшыя часы тут жыло 135 чалавек. Толькі за паўстагоддзя ў наваколлі знікла 6 вёсак.

Фота Вольга Васільева/belsat.eu
Фота Вольга Васільева/belsat.eu

На чарзе – і мая родная вёска Кунцы, у якой зараз засталося толькі 13 жыхароў. Ніна Антонава кажа, што ў параўнанні з Кунцамі, вёска Беларусь яшчэ добра трымаецца.

З кожным годам насельніцтва вёсак памяньшаецца. Фота Вольга Васільева/belsat.eu

У вачах аднасельчан Ніна Антонава – сапраўдны краязнавец, ніхто ў вёсцы больш за яе пра гісторыю роднага краю не ведае. І праўда, Ніна Антонава паказвае нам уласнаручна створаныя альбомы пра Цяцерынскую лесапаляўнічую гаспадарку, сабраныя ўспаміны мясцовых жыхароў, старыя фотаздымкі, зборы народных песень, прыказак.

Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Побач з Шапялевічамі ёсць возера Хатомля, ці Святое. Лічыцца, што вада ў ім гаючая. А ў лесе вакол возера знайшлі курганныя могілкі з каменнымі крыжамі. Да гэтых крыжоў прыходзяць людзі са сваймі хваробамі, каб памаліцца. Яны вераць, што прырода забірае іх праблемы.

Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Разам з бібліятэкай у адным будынку знаходзіцца сельскі клуб. Тут ужо прыгатаваліся да сустрэчы Новага году: упрыгожылі ялінку, павесілі абвестку, што праграма распачнецца а 1-й гадзіне ночы.

Новый год у сельскім клубе. Фота Вольга Васільева/belsat.eu

«Тут толькі дзве вуліцы – драўляная і цагляная»

А мы вяртаемся ў вёску Беларусь, каб знайсці хоць нейкія афіцыйныя пацверджанні яе афіцыйнага існавання.

Драўляная вуліца – першая вуліца ў весцы Беларусь, усе дамы на ёй драўляныя. Фота Вольга Васільева/belsat.eu

– Пакуль не пакажаш пашпарт, людзі і не павераць, што я жыву ў вёсцы Беларусь, – кажа былая дэпутатка Святлана Барадач. – Вы не першыя пра знак з назвай «Беларусь» пытаецеся. Але які знак, калі ў вёсцы нават афіцыйных назваў вуліц няма – адна «драўляная», бо дамы на ёй старыя, драўляныя, а другая – «цагляная», бо дамы на ёй адносна новыя, з цэгліны – гэта прыдумалі самі жыхары, каб больш канкрэтна патлумачыць сваё месца жыхарства.

Другая вуліца ў вёсцы Беларусь з’явілася ў 1982 годзе, калі па праграме адраджэння сяла пачалі ўзводзіць новыя дамы. Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Святлана з мужам жывуць тут, а сын з’ехаў у сталіцу – вучыцца ў БДУ. Але вяртацца на малую радзіму не збіраецца. Сама Святлана працуе ў лясніцтве і на жыццё на наракае:

Лосі і алені – частыя госці ў вёсцы Беларусь. Фота Вольга Васільева/belsat.eu

– Нас трымае Цяцерынская лесапаляўнічая гаспадарка. Справы ў ёй ідуць вельмі добра. Можна сказаць, што нашая прырода нас корміць: у лясах шмат жывёлы і птушак. Да нас у гаспадарку часта прыязджаюць паляўнічыя з Расеі ды з Германіі. Нашыя лясы багатыя на грыбы і ягады, у сезон тут усім хапае працы. У нас нафты няма, затое ёсць лес, ён – наш карміцель, – кажа Святлана.

Адзіны цалкам пакінуты дом у вёсцы Беларусь, астатнія дамы маюць сваіх гаспадароў. Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Звяроў у мясцовых лясах вельмі шмат. Ласі, ваўкі, алені ходзяць па вёсцы проста, як у сябе дома. Сляды дзікіх жывёлаў можна знайсці нават на прыватных надзелах. Напрыклад, у яблыневым садзе, куды алені прыходзяць разграсці снег і паласавацца апошнімі цвілымі яблыкамі.

І такіх слядоў у вёсцы хапае, іх пакідаюць алені і касулі. Фота Вольга Васільева/belsat.eu

– Дзе харчы, там і тарчы, – сыпле прыказкамі былая дэпутатка. – Гэта можна сказаць і пра людзей, якія тут кормяцца лесам, і пра ваўкоў, якія кормяцца аленямі. Сустрэць капытнага можна штодзень – пасля 10 вечара яны пачынаюць прабірацца з лесу да тока ў пошуках лёгкай вячэры. А на іх у гэты час палююць ваўкі.

Святлана Барадач са сваімі гадаванцамі

Школа – адзінае балючае пытанне

Цяцерынская лесапаляўнічая гаспадарка знаходзіцца ў вёсцы Шапялевічы. Вёска Беларусь, як гэта прынята казаць, спадарожнік Шапялевічаў. На першы погляд здаецца, што гэта і ёсць сапраўдны цэнтр сельскага жыцця: у Шапялевічах жыве каля 200 чалавек, тут ёсць больніца, сельскі клуб з бібліятэкай і школа-сад.

Цяцерынская лесапаляўнічая гаспадарка. Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Але ў наступным годзе школу-сад плануюць зачыніць. А гэта 42 дзіця і 29 дарослых, якім прыйдзецца шукаць сабе новае месца. Калі дзяцей чакаюць у школе ў вёсцы Цяцерына, то настаўнікам і іншым супрацоўнікам месцы ў іншай школе наўрад ці знойдуцца.

Фота Вольга Васільева/belsat.eu

– Шмат людзей супраць закрыцця школы, – кажа сённяшняя дэпутатка вёскі Беларусь Валянціна Лапо. – Нават бацькі, бо ім прыйдзецца прачынацца яшчэ раней, каб сабраць дзіця і пасадзіць яго на рэйсавы аўтобус да школы. А вяртаецца назад гэты аўтобус вельмі позна. У выніку дзіцё цэлы дзень будзе адсутнічаць дома.

Дэпутат Валянціна Лапо. Фота Вольга Васільева/belsat.eu

У Шапялевічах ужо зачынілі пошту, аптэку, у амбулаторыі няма лекара, а толькі медсястра, сельсавет пераехаў у Цяцерына, аб’ядналі бібліятэку з сельскім клубам.

Фота Вольга Васільева/belsat.eu

– Школа – гэта адзінае балючае пытанне, на ўсё астатняе нараканняў няма. Дарогі чысцяць, ліхтары ставяць. Да нас у Беларусь прыязджае аўталаўка: раз на тыдзень ад «Еўраопту», і два разы на тыдзень ад райпо. Пры жаданні можна пайсці ў краму ў Шапялевічы, – кажа Валянціна Лапо.

Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Пра прыезд аўталаўкі ў вёску абвяшчае зацяжны гудок. Пустыя вуліцы вёскі моцна ажыўляюцца ў гэты момант. Мясцовыя жыхары збягаюцца да машыны «Еўраопта» зрабіць апошнія пакупкі перад Новым годам.

Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Аўталаўка прыводзіць прадукты харчавання і бытавую хімію. Каля прылаўка суседзі абмяркоўваюць апошнія навіны, раяцца, што набыць для навагодняга стала. Але праз 30 хвілін аўталаўка зʼязджае і вёска зноўку нібы замірае.

Фота Вольга Васільева/belsat.eu
Фота Вольга Васільева/belsat.eu

Вольга Васільева/belsat.eu

Hавiны