У Беларусі запатрабавалі забараніць цыркі з жывёламі


На сайце petitions.by з’явілася петыцыя з патрабаваннем забараніць у Беларусі цыркі з жывёламі. Больш 45 дзяржаў свету поўнасцю або часткова ўжо забаранілі выкарыстоўваць жывёлаў дзеля забаўлення.

Галоўная прычына заклапочанасці – жорсткая дрэсіроўка перад спектаклямі, якая базуецца на выпрацоўцы ў жывёлаў дзікага страху, а таксама высокая смяротнасць пры перавозцы.

Аўтары петыцыі мяркуюць, што ўмовы, у якіх утрымліваюцца жывёлы, не сумяшчальныя і не прыдатныя, улічваючы іх натуральнае асяроддзе пасялення. Шум, святло і вібрацыі пастаянных пераездаў і рэпетыцый, клеткі – усё гэта выклікае стрэс і нестабільнае самаадчуванне жывёлы.

Немагчымасць стварыць умовы для паўнавартаснай ветэрынарнай дапамогі і адсутнасць санітарных умоў павялічвае рызыку захворванняў, стрэс і можа прывесці да смерці жывой істоты. Акрамя таго, вельмі часта хворую жывёлу прымушаюць працягваць выступаць.

«Цырк з жывёламі – перажытак мінулага, якое ідзе каранямі ў Старажытны Рым, «знакаміты» гладыятарскіх баямі, масавымі цкаваннем жывёлаў і людзей на арэнах на пацеху крыважэрнаму натоўпу», – кажуць аўтары, падкрэсліваючы, што яны выступаюць «за сучасную Беларусь».

Пад зваротам падпісаліся ўжо больш за 570 чалавек. Праз 26 дзён петыцыю накіруюць у Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.

KA belsat.eu

Стужка навінаў