У Беларусі, магчыма, дазволяць гандляваць алкаголем і цыгарэтамі праз інтэрнэт


Беларускае заканадаўства забараняе сёння гандляваць алкаголем праз інтэрнэт або дастаўляць яго дахаты фізічным асобам. Ілюстрацыйнае фота – Reuters

Онлайн-продаж алкаголю, тытуню, лекаў і ювелірных упрыгожанняў могуць дазволіць налета ўва ўсіх краінах ЕАЭС, каб супрацьстаяць чорнаму рынку гэтых тавараў.

Онлайн-продаж алкаголю, лекаў, тытуню і ювелірных вырабаў могуць дазволіць на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза ўжо ў 2019 годзе.

У ЕАЭС уваходзяць Расея, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Арменія.

Прэсавая служба ЕАЭС патлумачыла агенцтву РБК, што прапанову аб пашырэнні асартыменту інтэрнэт-гандлю высунулі прадстаўнікі бізнесу – уладальнікі электронных гандлёвых пляцовак і асацыяцыяў, аператары службаў дастаўкі і самі вытворцы тавараў.

Цяпер гэтыя рэкамендацыі абмяркоўваюць міністры ЕАЭС, а прапанова ўвайшла ў дарожную мапу развіцця онлайн-гандлю на 2019–2020 гады. З дакументу вынікае, што забарона на гандаль алкаголем, тытунём, лекамі і ювелірнымі вырабамі ў інтэрнэце аказалася малаэфектыўнай.

«Гэтыя тавары прадаюцца праз інтэрнэт у абыход дзейнага заканадаўства. У выніку добрасумленныя прадаўцы губляюць найважнейшы канал збыту, спажывец можа атрымаць тавар, які не адпавядае патрабаванням бяспекі, а бюджэты краін губляюць даходы», – гаворыцца ў дарожнай мапе ЕЭАС.

Аўтары рэкамендацыяў разлічваюць, што легалізацыя онлайн-гандлю пералічанымі таварамі дапаможа скараціць долю падробак, павысіць якасць тавараў, а таксама павысіць канкурэнтаздольнасць і прыбытак добрасумленных прадаўцоў.

Эксперты не выключаюць, што канкурэнцыя пасля адмены абмежаванняў прывядзе да зніжэння цэнаў на некаторыя тавары.

Пытанне дазволу продажу спіртных напояў уздымалася ў Беларусі ўжо некалькі разоў. Гэтак, пазалетась «Еўраопт» спрабаваў паўплываць на ўлады, заяўляючы, што інтэрнэт-крамы «не могуць дасягнуць рэнтабельнасці без наяўнасці поўнага асартыменту тавараў, які ўключае алкаголь і тытунёвыя вырабы». Аднак супраць ініцыятывы тады выступілі міністэрствы ўнутраных справаў і гандлю.

У 2008 годзе ў Беларусі прынялі закон № 429-З, які забараняе гандляваць алкаголем праз інтэрнэт. З чэрвеня 2013 года за дастаўку алкаголю дахаты юрыдычным асобам пагражае штраф да 500 базавых велічыняў.

ДД

Стужка навінаў