У Беларусі колькасць людзей з каронавірусам вырасла да 36-і

Практычна штодня ў Менску медыкі забіраюць людзей з падазрэннем на каронавірус. Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Колькасць людзей, у якіх пацвердзіліся вынікі тэстаў на каронавірус, працягвае расці ў Беларусі. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Гэтак, у 5 студэнтаў БДУ, у якіх папярэдні тэст даў станоўчы вынік на COVID-19, паўторны аналіз пацвердзіў наяўнасць віруса. Але клінічных праяў хваробы ў іх няма. Таксама зарэгістраваныя станоўчыя тэсты ў 4 грамадзянаў Беларусі, якія прыбылі з Мюнхену, Амстэрдаму і Масквы.

«По соображению карантина». Расея закрывае мяжу з Беларуссю

Агулам у краіне зарэгістравана 36 пацыентаў з станоўчым, лабараторным тэстам на наяўнасць РНК каронавіруса. Тры пацыента выпісаныя, трое – рыхтуюцца да выпіскі. У 8 ёсць мінімальныя прыкметы інфекцыі. Адзін пацыент знаходзіцца ў стане сярэдняй ступені цяжкасці з станоўчай дынамікай. У астатніх пацыентаў прыкмет інфекцыйнага працэсу няма.

За апошнія содні зроблена 950 даследаванняў на каронавірус, яшчэ амаль 200 знаходзяцца ў працы. З пачатку лютага ў Беларусі правялі больш за 16 тыс. тэстаў на COVID-19.

У свеце пацверджана больш за 160 тыс. выпадкаў каронавіруса

Паводле САЗ, агулам ва ўсіх краінах пацверджана 164 837 выпадкаў заражэння, у тым ліку ў Кітаі – 81 077, у Італіі – 24 747, у Іране – 13 983. Агульны лік памерлых, паводле апошніх звестак, склаў 6470.

Каронавірус выяўлены ў 146 краінах і тэрыторыях свету.

МГ belsat.eu

Hавiны