Сёння 30 чэрвеня Вярхоўны суд задаволіў апеляцыйную скаргу жыхара Слуцкага раёну Віктара Скрундзіка. Крымінальную справу адправяць на новы разгляд у Менскі абласны суд. Аб гэтым паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
У 2019 годзе Віктар Скрундзік разам з Валянцінам Бушніным і Віталем Мяцежам спалілі жыўцом некалькіх пенсіянераў у Слуцкім раёне і скралі ў іх грошы. Згодна з абвінавачваннем, мужчыны ішлі на злачынства ў стане алкагольнага ап’янення. У лютым 2020 года суд прысудзіў Скрундзіка да расстрэлу, аднак 30 чэрвеня вырак быў заменены.
У апеляцыйнай скарзе Віктар Скрундзік указаў на няправільнасць абрання меры стрымання, парушэнні ў адносінах да яго працэсуальных нормаў беларускага заканадаўства і міжнародных нормаў падчас следства. Таксама ён прасіў змяніць кваліфікацыю абвінавачвання і змягчыць прысуд.
Падчас судовага паседжання Скрундзік прасіў правесці псіха-фізіялагічную экспертызу, аднак хадайніцтва не было задаволенае.
Абаронца мужчыны звярнуў увагу суду на тое, што ён дастаткова малады чалавек і раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці па артыкулах, звязаных са злачынствамі супраць чалавека. Адвакат падкрэсліваў, што за сухімі аргументамі справы стаіць лёс звычайнага чалавека, а ў дадзеным выпадку – не толькі лёс, але і жыццё.
У выніку аргументы абароны перамаглі і ў выніку суд пастанавіў адмяніць смяротны прысуд Віктару Скрундзіку. Зараз крымінальную справу будзе разглядаць Менскі абласны суд. Пакуль што невядома, што стала прычынаю такога рашэння.
КТ belsat.eu