У беларуса ў штабе Сабчак апускаліся рукі. Інтэрв'ю з Віталём Шкляравым


У штабе Ксеніі Сабчак працуе палітычны тэхнолаг, які нарадзіўся ў Гомлі. Наш зямляк адвучыўся на Захадзе і працаваў шмат на якіх выбарах у Нямеччыне, Злучаных Штатах і Расеі. Быў адным з кіраўнікоў штабу Бэрні Сандэрса – прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ЗША ад дэмакратычнай партыі. Эксклюзіўнае інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з Віталём Шкляравым.

У «ПраСвет» увайшла толькі траціна запісанага інтэрвʼю. Поўную версію гутаркі са Шкляравым глядзіце ніжэй. У паўгадзіннай размове ён распавядае пра Ксенію Сабчак і пра тое, ці пагадзіўся бы ён працаваць на выбарах у Беларусі.

Чым кампанія Сабчак адрозніваецца ад таго, што вы рабілі раней? З майго пункту гледжання гэта выглядае як нешта зусім незвычайнае.

Вы цалкам маеце рацыю, таму што Сабчак абсалютна нестандартны, нефармальны кандыдат. Гэта жанчына. Хоць я шмат працаваў з жанчынамі, але жанчына не апынулася прэзідэнтам ні разу. Гэта зусім іншае інфармацыйнае поле. У гэта складана паверыць, але гэта першая дэмакратычная прэзідэнцкая кампанія ў Расеі.

Памятаю, што апошні дэмакратычны кандыдат быў Рыгор Яўлінскі. Вылучаўся на пасаду прэзідэнта 18 гадоў таму. У той час, калі не было ні айфонаў, ні інтэрнэту. Можаце сабе ўявіць, які ўзровень быў кампаніі.

Таму гэта новая ва ўсім тэхналогія, у якіх я працую. Рэакцыя медыяў, тое міжнароднае інфармацыйнае поле, у якім мы знаходзімся, праз гэты батл ў Расеі і ЗША. Таму незвычайна ўсё. Шмат у чым раблю першыя крокі, нягледзячы на свой досвед.

Цікава, што Ксенія Сабчак вылучала сябе як кандыдат супраць усіх. Складана будаваць кампанію, зыходзячы з негатыўнага месыджа?

Не, не складана. Я бы нават не сказаў, што гэта негатыўны месыдж. Гэта такі аналіз або падвядзенне вынікаў, падвядзенне рысы, або нейкі аўдыт стану краіны і палітычнага стану Расейскай Федэрацыі. Таму супраць усіх – гэта не таму, што так добра – і так шмат добрых кандыдатаў, а таму што Расея ў тым выглядзе, у якім яна існуе цяпер, асабліва палітычным, заходзіць усё больш у тупік.

І ў дадзеным выпадку слоган «супраць усіх» моцны яшчэ тым, што ён канцэнтруе стан справы, выкрывае сістэму, якая не працуе. Выкрывае дзяржаву, якая не працуе. Выкрывае інстытуты выбараў, якія не працуюць. І «супраць усіх» – гэта значыць, што нічога больш не задавальняе.

І ў дадзеным выпадку гэта не негатыўна, а пазітыўна. Бо часам прызнаць, дапусцім, пацыенту сваю хваробу або прызнаць карпарацыі безгрунтоўнасць фінансаў, прызнаць чалавеку нейкія дрэнныя звычкі або слабасці характару – гэта практычна палова выратавання. Гэта значыць быць у стане своечасова ўбачыць праблему без істэрыкі і прыняць рашэнне, выйсці з гэтай праблемы – гэта вялікі пазітыў. У дадзеным выпадку я цалкам бачу яе кампанію як пазітыўную.

А як гэта – разумець, што ты ўсё роўна не выйграеш? Як дзейнічаць?

Лёгка. Я пра гэта аднойчы напісаў артыкул, што тут ёсць два вектары. Мы, па-першае, не прайграем. Калі за выйгрыш у выбарчым працэсе лічыць перамогу ці паразу – стаў прэзідэнтам ці не стаў, выграў мандат ці не выйграў, то безумоўна мы прайграем. Але калі мэтай ставіць працэс, змены, то гэта безумоўна перамога. Гэта значыць, чалавек, зламаў нагу, або пасля працяглага этапу інваліднасці, тыя, што становяцца на шлях рэабілітацыі, або трэніроўкі – гэта перамога, гэта пачатак пераможнага шляху.

Так, яна можа быць доўгая, яна можа быць доўгая і хваравітая, але не перамога – гэта пакінуць усё, як ёсць. У дадзеным выпадку, гэта дасканалая перамога, тое, што яна ўжо зрабіла. Я думаю, тыя планы, якія ёсць, якія выходзяць за рамкі 18 сакавіка, за рамкі выбарчай кампаніі або дня галасавання – безумоўная перамога. Другі вектар, пра які хочацца сказаць, пра які я пісаў у артыкуле, што я доўга жыў і працаваў у ЗША, і ў гэтым можа быць тлумачэнне, што ў сіліконавай даліне ці ў амерыканскай культуры вельмі шмат прадпрымальніцтва. Таму што падзенне ў гэтай культуры не ўспрымаецца, як нешта трагічнае. Бо гэта нармальна – мы з дзяцінства вучымся хадзіць і шмат падаем. Гэта не ўспрымаецца вельмі цяжка.

Але з узростам мы ўсё больш становімся рацыянальнымі і баімся памыляцца. Гэты страх, страх памылак і паразы, у прынцыпе, паралізуе нас і паралізуе дзяржавы ў роўнай ступені, любога індывіда. Таму тут не важны вынік, колькі адсоткаў паразы, а як. Гэта кампанія пра тое – як.

Для сябе асабіста і для кампаніі наагул, які вынік вы будзеце лічыць задавальняючым? Што трэба зрабіць і выканаць, каб вы сказалі, што так, мы выдатна адпрацавалі і дасягнулі пастаўленых мэтаў?

Задавальняючым вынікам для сябе я лічыў ужо 18 кастрычніка. 17 кастрычніка Ксенія высунула сваю кандыдатуру, і я ўжо ўбачыў, якую хвалю цікавасці, абурэння, медыя пакрыцця выклікала яе кандыдатура, і лічу, што гэта ўжо вялікі вынік. А тое, што мы зрабілі цягам апошніх чатырох месяцаў, адкрыўшы па ўсёй Расеі больш за 50 штабаў, сабраўшы 100 тысяч подпісаў, зарэгістраваўшы больш за 100 тысяч валанцёраў на сайце. Велізарная праца, якой ніхто ніколі не зрабіў. Акрамя таго сама колькасць медыйных нагодаў з дапамогаю Ксеніі Анатольеўны, дзякуючы якім нам удалося данесці нейкія думкі да мільёнаў людзей – гэта безумоўна круты вынік.

Наконт штабоў. Да якога ўзроўню прэсінгу ў Расеі вы гатовыя: урыванне АМАПу ў штабы, маскі-шоу пастаянныя, масавыя пасадкі актывістаў?

Думаю, што мы гатовыя шмат да чаго. У нас пакуль не было пасадак, але штабы, закрыцці, ператрусы – гэта было. Немагчымасць арэндаваць памяшканне было, забароны былі. Нявыхад на тэлебачанне ёсць увесь час. У гэтым няма нічога новага. Гэта частка выдаткаў працы. Калі ты працуеш з апазіцыйным кандыдатам у палітычнай сістэме каардынаты РФ.

А ці Вы не баіцеся працаваць у гэтай палітычнай сістэме каардынаты? Вы самі ці родныя вашыя не хвалююцца? Мы бачым, што адбываецца ў Расеі з палітычнымі актывістамі.

Так, родныя хвалююцца, але я не баюся, ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць. Любой асобе, якая чагосьці баіцца заўсёды раю глядзець зводкі міліцыі за дзень, колькі людзей памірае ў ДТЗ, якая колькасць памірае ад крушэння самалёта. Усё хутка становіцца на свае месцы. Жыццё непрадказальнае, мы ўсё адно не знаем, калі мы памром. Таму ад гэтага адмаўляцца цалкам не варта.

Пасля кампаніі ў Нямеччыне, у ЗША вы прыязджае ў Расею. Ці ў вас няма адчування, што Вы трапілі на Дзікі Захад, Дзікі Усход?

Шмат у чым, напэўна ёсць, але гэта не негатыўнае, а пазітыўнае ўражанне, таму што на Дзікім Захадзе, як і на Дзікім Усходзе, было шмат цікавых асобаў: астапаў бэндэраў, гісторыяў закаханасці, разводаў, выйграных і прайграных выбараў. У адрозненне ад Захаду, дзе выбары перайшлі ў іншую плоскасць, і больш вырашаюцца тэхналагічна. Дзе за 0,1-2, 100, 200 або пару тысячаў галасоў вырашаецца зыход велізарных кампаніяў, усё пераходзіць у іншую прастору і інструментар. У той час, як у Расеі, ва Украіне, у іншых пачаткоўцаў маладых дэмакратыя – гэта ўсё ж такі больш эмацыйнае, піянерскае, інтрыгуючае вяселле.

Ці бываюць такія моманты, калі рукі апускаюцца, і вы думаеце «ды пайшло яно ўсё, паеду ў Штаты і буду спакойна там жыць»?

Разы тры ўжо было за гэтую кампанію.

Што сталася прычынаю, і як вы з гэтым змагаецеся?

Легчы выспацца добра, або на прабежку, або ў лазню. Зрабіць нешта, каб галаву адключыць. Звычайна такое пасля стомы, таму што шмат у якія месяцы я працую па 7 дзён у тыдзень. Часам вельмі мала сплю, часам фізічна даходзіш да нейкіх межаў, а часам эмацыйная проста стамляешся. Таму што калі табе – як мы шукалі памяшканне – больш за 70 разоў адмаўляюць, або заключаеш дамову, а ў апошні момант цякуць батарэі, яе забіраюць. А ў цябе зробленая праца, прыходзяць людзі. Не часта, але часам надыходзіць момант расчаравання, што, чорт пабяры, колькі можна. Тая сітуацыя класічнага Дон Кіхоту і млыноў: бяжыш і бяжыш. Часам у галаве ўключаецца нешта рацыянальнае. Паспаў, адпачыў, адключыўся, зрабіў практыкаванні, каб адключыць увагу ад праблемы, і далей можна зноў.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «Прасвет»

Стужка навінаў