У БДУ выдалі беларуска-расейска-кітайскі слоўнік лінгвістычных тэрмінаў


Рэдкі міні-каталог актуальнай лексікі стварылі на патрэбы кітайскіх студэнтаў, якія ўсё часцей выбіраюць для атрымання вышэйшай адукацыі нашую краіну.

«Задача беларускіх вучоных – забеспячэнне навучальнага працэсу новымі арыгінальнымі навучальнымі дапаможнікамі», – пракаментавала выданне слоўніка прэсавая служба БДУ. «Аўтарскі калектыў слоўніка міжнародны: гэта супрацоўнікі кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта і навуковыя супрацоўнікі Даляньскага палітэхнічнага універсітэта ды Чанчуньскага інстытуту міжнароднай камерцыі».

Слоўнік змяшчае 1665 тэрмінаў на беларускай, расейскай ды кітайскай мовах. Граматычныя звесткі прадстаўленыя ў выглядзе 80 табліцаў. Спіс выкарыстанай спецыялізаванай літаратуры ўключае як вядомы «Даведнік па правапісу і стылістыцы» Дзітмара Розэнталя, так і слоўнік, выпушчаны пад рэдакцыяй Ван Фу Яна ў 2008 годзе.

Дарэчы, БДУ адзначае рост цікавасці да беларускай мовы з боку замежнікаў. Амаль 20 гадоў на філалагічным факультэце БДУ існуе спецыялізацыя “Беларуская мова як замежная». Замежнікі, якія навучаюцца ў БДУ, маюць магчымасць наведваць заняткі з уводзінаў у беларускую мову, а таксама «Прафесійную лексіку». Папулярызацыі беларускай мовы спрыяе таксама і Міжнародная школа беларускай мовы, што дзейнічае ўлетку на філфаку БДУ.

Беларускую мову і літаратуру ў цяперашні час актыўна вывучаюць у Кітаі. Неўзабаве спецыяльнасць «Беларуская мова» будзе ўведзена ў праграму Пекінскага універсітэта замежных моў і культур.

Нагадаем, што ў сакавіку ўпершыню выдалі падручнік па беларускай мове для японцаў.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў