У Баранавічах выбухнуў невядомы прадмет: трое параненых, аднаму адарвала ногі


Выбух адбыўся на вуліцы Лебядзінай у Баранавічах. Пра здарэнне паведамляе intex-press.by.

Паводле выдання, гаспадар дому, пенсіянер, разам з сынам і суседам гутарылі ў двары. Што здарылася далей, пакуль дакладна не вядома, але адбыўся выбух. Трох мужчынаў, у тым ліку 72-гадовага пенсіянера, шпіталізавалі. 40-гадоваму мужчыну адарвала абедзве нагі да калена.

Выданне «Наш край» адзначае, што адзін мужчына падчас размовы штурхнуў нагой нейкую металічную даўбешку, якая ляжала побач з гаражом, пасля чаго і адбыўся выбух.

На месцы выбуху. Фота – nashkraj.by

У раёне надзвычайнага здарэння працавалі працаўнікі МНС, Баранавіцкага ГАУС, КДБ, Следчага камітэту, а таксама сапёры вайсковай часці 7404.

Сапёры выявілі два снарады часоў Другой сусветнай вайны. Ці быў звязаны выбух з боепрыпасамі часоў вайны – невядома.

Гэта другі выбух у Беларусі цягам 16 студзеня, прычына якога пакуль невядомая. Раней паведамлялася пра выбух у гаражным кааператыве ў Берасці – там было паранена тры чалавекі.

Фота + Відэа
У Берасці адбыўся выбух у гаражным кааператыве: шмат разбурэнняў, ёсць параненыя
2020.01.16 20:38

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў