У Балівіі пратэстоўцы захапілі рэдакцыі дзяржаўных СМІ

Дэманстранты, што пратэстуюць супраць прэзідэнта Балівіі Эва Маралеса, захапілі рэдакцыі дзяржаўнага тэлеканалу Bolivia TV і радыёстанцыі Red Patria Nueva. Пра гэта сам Маралес паведаміў у сваім «Twitter».

Паводле прэзідэнта, у офісы гэтых СМІ ўварваліся «арганізаваныя групоўкі», якія пасля «пагроз і запалохвання» прымусілі журналістаў адмовіцца ад выканання сваіх прафесійных абавязкаў. Маралес адзначыў, што хаця пратэстоўцы выступаюць у абарону дэмакратыі, дзейнічаюць яны дыктатарскімі метадамі.

У Балівіі ўжо тры тыдні адбываюцца масавыя акцыі пратэсту. Яны распачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў, на якіх перамог Маралес. Ягоны асноўны апанент Карлас Меса не прызнаў афіцыйныя вынікі выбараў і абвінаваціў дзейнага прэзідэнта ў спробе сфальсіфікаваць вынікі галасавання. У краіне распачаліся масавыя пратэсты, а 8 лістапада на бок дэманстрантаў пачалі пераходзіць паліцэйскія. Сілавікі адмовіліся ахоўваць прэзідэнцкі палац.

Пратэсты ў Балівіі. Фота: CARLOS GARCIA RAWLINS / Reuters / Forum

Вайсковае кіраўніцтва заявіла, што армія не збіраецца ўдзельнічаць у задушэнні пратэстаў.

Учора Маралес назваў пратэсты, што ахапілі краіну, спробай дзяржаўнага перавароту. Ён заклікаў апазіцыю да перамоваў і звярнуўся да Папы Рымскага з просьбай дапамагчы ва ўрэгуляванні канфлікту.

  • Маралес кіруе Балівіяй з 2006 года. У балівійцаў выклікала абурэнне сам удзел Маралеса ў сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах. Справа ў тым, што чатыры гады таму ў Балівіі адбыўся рэферэндум і большасць жыхароў краіны выступілі супраць зменаў у канстытуцыю, якія б дазволілі прэзідэнту пераабірацца чатыры тэрміна запар. Аднак Маралес вынікі рэферэндуму праігнараваў, а Канстытуцыйны суд краіны дазволіў яму вылучацца на новы тэрмін.

Краіна над прорваю. Венесуэла

ІІ belsat.eu

Hавiны