У Бабруйску ўвялі абавязковы масачны рэжым

Ад 19 чэрвеня жыхары раённага цэнтру мусяць знаходзіцца ў масках у месцах масавага скаплення людзей і ў аб’ектах гандлю.

Пра ўвядзенне абавязковага масачнага рэжыму паведаміў сёння галоўны санітарны лекар Бабруйска Дзмітрый Лайтэр у эфіры мясцовага радыё «Зефір FM». Афіцыйнага распараджэння на сайце гарадскога занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі і на сайтах мясцовых выканаўчых органаў пакуль няма.

Медыкі гораду заклікаюць людзей быць скрайне ўважлівымі і разлічваюць на свядомасць і самакантроль бабруйчан, падкрэслівае дзяржаўная гарадская газета «Бабруйскае жыццё».

Дакладнай інфармацыі пра сітуацыю з захворваннямі на COVID-19 у Бабруйску ў адкрытым доступе няма. Апошні раз мясцовы штаб па супрацьдзеянні распаўсюджанню каронавіруснай інфекцыі паведамляў лічбы 10 красавіка – тады ў горадзе было 15 выпадкаў.

Раней масачны рэжым быў уведзены ў двух гарадах Магілёўскай вобласці: Кіраўску (з 29 траўня) і Белынічах (з 3 чэрвеня).

НА Belsat.eu

Hавiны