У Бабарыкі ёсць план і на выпадак нерэгістрацыі ды затрымання


Патэнцыйны кандыдат на прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка ў інтэрв’ю выданню «Forbes» пракаментаваў крымінальныя справы ў дачыненні працаўнікоў «Белгазпрамбанку», які ён узначальваў да старту сваёй прэзідэнцкай кампаніі.

«Мы адназначна кваліфікуем ператрусы як дзеянні палітычнага канкурэнта і рэакцыю на нашы заявы, звязаныя з Дэкларацыяй аб сумленных выбарах. У дэкларацыі мы гарантавалі абарону ўсім, хто можа пацярпець за сваю пазіцыю і сумленнасць. Відавочна, што нашы заявы моцна не спадабаліся ўладам, для якіх метады запалохвання – адзіна магчымыя метады», – заявіў палітык.

Паводле яго, 20 гадоў «Белгазпрамбанк» праходзіў чатыры ўзроўню кантролю, «і ні разу за ўсе гады не выяўлялася ніякіх парушэнняў». У тым ліку сур’ёзных заўвагаў не было і ў студзені 2020 года.

«Праходзіць некалькі месяцаў – і пачынаюцца шырокамаштабныя следчыя дзеянні, прычым спачатку называюцца кампаніі – а ўжо пасля ідуць ператрусы, быццам нехта наўмысна паказвае, дзе капаць», – заявіў былы банкір.

Ён падкрэсліў, што «пачалося бамбаванне па ўсіх плошчах», звязаных з ім. Пры гэтым Бабарыка заявіў, што пралічыў асноўныя рызыкі, звязаныя з ягонай кампаніяй, і вылучыў некалькі ключавых этапаў з магчымымі варыянтамі.

Абноўлена
Віктар Бабарыка здаў 120 тысячаў подпісаў у ЦВК
2020.06.15 21:49

«Першы: здаць за 100 000 подпісаў прыхільнікаў для вылучэння. Тут мы абавязаны знізіць рызыкі, звязаныя са зборам, верыфікацыяй, захоўваннем і здачай подпісаў. Мы планавалі завяршыць этап да 15 чэрвеня, але ператрусы прывялі да таго, што і сёння мы не можам спыніць плынь людзей, якія жадаюць паставіць подпіс у маю падтрымку», – адзначыў ён.

На другім этапе, з 19 чэрвеня па 14 ліпеня, плануецца абвясціць аб новых ініцыятывах, звязаных з рэгістрацыяй яго кандыдатам. Таксама ёсць ідэі, як працягваць працу падчас «этапу цішыні».

«Трэці этап – рэгістрацыя: мяне могуць зарэгістраваць ці не зарэгістраваць кандыдатам. Мы лічым другі варыянт практычна выключаным, бо ён будзе азначаць фактычную адмену выбараў. Больш за тое, у гісторыі сучаснай Беларусі ні разу не здымалі з выбараў кандыдата, які набраў больш за 100 000 подпісаў. Але мы дапускаем такую верагоднасць і маем сцэнар дзеянняў у такім выпадку», – сказаў ён.

Hавiны
«Грошы, знойдзеныя ў сяброў». Усё, што вядома пра «справу Белгазпрамбанку»
2020.06.15 14:51

У агітацыйны перыяд каманда Бабарыкі плануе па максімуме выкарыстоўваць лічбавыя інструменты і «дайсці да кожнай вёскі ў Беларусі». Што датычыць сітуацыі пасля выбараў 9 жніўня, то на кожны з этапаў і варыянтаў дзеянняў уладаў «маецца свой сцэнар».

«Рызыкі затрымання нельга выключаць, і мы загадзя прынялі меры, якія дазваляюць дайсці да выбараў 9 жніўня незалежна ад абставін. Відэа – адзін з інструментаў кампенсацыі рызыкі», – сказаў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта.

Hавiны
Нацбанк прызначыў у «Белгазпрамбанк» уласную адміністрацыю
2020.06.15 09:50
  • Раніцай 11 чэрвеня сілавікі прыйшлі з вобшукам у галоўны офіс «Белгазпрамбанку». Таксама ператрусы адбыліся ў офісах кампаніяў «ПрыватЛізінг», «Кампары» і «Кентаўр». ДФР КДК распачаў крымінальную справу паводле ч.2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і па ч.2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры». У якасці падазраваных па крымінальнай справе праходзяць топ-менеджары банку, а таксама прадстаўнікі камерцыйных структураў. Патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, які кіраваў «Белгазпрамбанкам» 20 гадоў, сярод іх няма, адзначылі ў КДК 11 чэрвеня. Агулаам у межах «справы Белгазпрамбанку» былі затрыманыя 15 чалавек.
  • 12 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Віктара Бабарыка датычны да злачыннай дзейнасці топ-менеджараў «Белгазпрамбанку». Старшыня КДК Іван Церцель распавёў, што «фактычна на базе банку імі была створана арганізаваная злачынная група, якая ажыццяўляла вывад грашовых сродкаў на тэрыторыі замежных дзяржаваў». У адказ на пытанне журналістаў, ці датычны да гэтага Віктар Бабарыка, Церцель адзначыў: «Не магу сабе ўявіць, што тое, што рабілася ў банку намеснікамі, магло быць невядома кіраўніку. Магу пацвердзіць, што ў цяперашні час у нас маюцца пераканаўчыя доказы яго датычнасці да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасці». Паводле КДК, падчас следчых дзеянняў былі канфіскаваныя вялікія сумы грошай – у тым ліку больш за $ 4 млн і каштоўныя паперы на суму звыш $ 500 тыс.
  • Віктар Бабарыка заявіў, што ператрусы і крымінальная справа – гэта ціск на яго і палітычная замова. Патэнцыйны кандыдат распавёў, што вобшукі адбываюцца ў ягоных сябраў і былых калегаў, і такім чынам улады хочуць сфармаваць у яго «комплекс віны». Каментуючы выказвання Лукашэнкі, Бабарыка заявіў: «Калі грошы, пра якія згадваў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, знойдзеныя ў маіх сяброў, то я афіцыйна заяўляю: гэта мае грошы». Былы банкір падкрэсліў, што грошы былі атрыманыя легальна і ён збіраўся адлюстроўваць іх у падатковай дэкларацыі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў