У аўторак – чатыры суды над журналістамі «Белсата»

Праваахоўныя органы Беларусі працягваюць адміністратыўны пераслед журналістаў «Белсату». У Менску 10 красавіка маюць адбыцца суды над Вольгай Чайчыц, Андрусём Козелам, Аляксандрам Баразенкай і Ганнай Аземшай.

Журналістаў традыцыйна вінавацяць у «парушэнні заканадаўства аб СМІ» (арт. 22.9 КаАП).

Адміністратыўныя справы ў дачыненні да Вольгі Чайчыц і Андруся Козела будзе разглядаць суд Менскага раёну. Пачатак – у 14.15. Падставаю для складання пратаколаў стала праца журналістаў над сюжэтам пра датэрміновае галасаванне на мясцовых выбарах.

Акрамя таго, супраць Чайчыц і Козела распачатая адміністратыўная справа ў Карэліцкім раёне за сюжэт пра грамадзяніна Туркменістану Рустама Бабакулыева, які скардзіцца на рабскую працу ў беларускім калгасе. Дата суду па гэтай справе пакуль невядомая.

Адміністратыўныя справы Аляксандра Баразенкі і Ганны Аземші 10 красавіка будзе разглядаць суд Ленінскага раёну Менску. Пачатак – у 11.30. Цікава, што гэта будзе ўжо трэці суд над Баразенкай і Аземшай ад пачатку месяца (паседжанні ўжо адбыліся 2 і 5 красавіка). Кожны раз падставаю для пераследу была праца журналістаў па асвятленню затрымання і суда над Андрусём Козелам.

2 красавіка суддзя Вікторыя Шабуня прысудзіла Аземшу і Баразенку да максімальных штрафаў – 50 базавых велічынь (1225 рублёў) кожнаму. Журналісты атрымалі штраф за стрым, які яны вялі ад будынку Цэнтральнага РУУС, куды 18 лютага прывезлі Андруся Козела пасля таго, як яго збілі міліцыянты.

«Самае цікавае, што стрым, за які нас аштрафавалі, мы вялі з асабістай старонкі Баразенкі ў Фэйсбуку. То бок па факце нас засудзілі за тое, што «Белсат» узяў відэа з асабістай старонкі», – адзначае Аземша.

Вынікі суду 5 красавіка пакуль невядомыя – журналістаў судзілі завочна.

Нагадаем, з пачатку года адбыліся ўжо каля 30 судовых працэса над белсатаўцамі.

У 2017 годзе паводле артыкулу пра незаконны выраб прадукцыі медыяў і працы без акрэдытацыі журналісты «Белсату» заплацілі дзяржаве не менш за $ 14 000.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), 94 % штрафаў паводле адміністратыўных справаў за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ летась прыпалі на журналістаў «Белсату».

ІІ, belsat.eu

 

Hавiны