У Астане затрыманыя дзясяткі людзей, нязгодных з перайменаваннем сталіцы


У сталіцы Казахстану паліцыя затрымала некалькі дзясяткаў чалавек, якія сабраліся каля гандлёвага цэнтру «Шапагат» для таго, каб выказаць сваю нязгоду з перайменаваннем Астаны ў горад Нур-Султан.

Пра гэта паведамляе агенцтва «Интерфакс-Казахстан».

«Раніцай людзі пачалі збірацца ля гандлёвага цэнтру «Шапагат», беспарадкаў не было. Яны мірна стаялі, размаўлялі. (…) Каля 60-ці чалавек былі затрыманыя паліцыяй», – сказаў суразмоўца агенцтва.

Казахстанскае інтэрнэт-выданне «Улада» паведамляе, што была таксама затрыманая журналіст радыё «Азатык» Святлана Глушакова. Цяпер тэлефонныя нумары Глушаковай адключаныя.

Разам з тым прэс-служба дэпартаменту паліцыі Астаны не дасяжная для пацверджання гэтай інфармацыі.

Як паведамлялася, напярэдадні каля будынку астанінскай гарадской адміністрацыі былі затрыманыя каля 20 асобаў, якія прыйшлі выказаць сваю нязгоду перайменаванні сталіцы.

20 сакавіка новы прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў выступіў з ініцыятывай перайменаваць сталіцу Астану ў горад Нурсултан у гонар першага прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева. У той жа дзень парламент Казахстану падчас сумеснага пасяджэння палатаў у двух чытаннях прыняў закон аб унясенні папраўкі ў Канстытуцыю пра перайменаванне Астаны.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў