У асноўным конкурсе дакументальнага кіно «Лістападу» перамагла стужка, якая паўстала пры ўдзеле «Белсату»


Кінастужка «Хатнія гульні» перамагла ў асноўным конкурсе дакументальнага кіно на XXV кінафестывалі «Лістапад».

У фільме распавядаецца неверагодная гісторыя 20-гадовай футбалісткі Аліны, якая змагаючыся з жахлівымі жыццёвымі цяжкасцямі, трапляе ў маладзёвую зборную Украіны.

Маці Аліны, у якой былі праблемы з алкаголем, пасля выхаду з турмы нарадзіла дваіх дзяцей, лёс якіх яе мала цікавіў. Яна працягвала піць і памерла, калі ёй было 39. Аліна разумее, што апрача яе ніхто не зможа выгадаваць брата і сястру.

Фільм зняла ўкраінская рэжысёрка Аліса Каваленка, аўтарка дакументальнай стужкі «Аліса ў краіне вайны».

Кінастужка паўстала дзякуючы Дзяржаўнаму агенцтву Украіны ў пытаннях кіно, IDFA Bertha Found, Syndicado, Telewizja Polska SA, «Белсат ТБ» супольна з «The Guardian Documentary» і «Current Time TV».

Летась у конкурснай праграме «Лістападу» бралі ўдзел чатыры стужкі «Белсату».

Фільм Іллі Бажко, зняты пры падтрыманні нашага тэлеканалу, атрымаў дыплом у нацыянальным конкурсе ў катэгорыі дакументальных фільмаў 24-а міжнароднага фестывалю «Лістапад».

У 2015 годзе лепшай дакументальнай стужкай фестывалю прызналі фільм «Госці» Андрэя Куцілы, які здымаўся адмыслова для «Белсату».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў