Улады паабяцалі, што ўжо заўтра водаправодную ваду ў Менску можна будзе піць

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Круты сцвярджае, што сітуацыя з вадой у Менску цяпер цалкам лакалізаваная, падачу якаснай вады арганізавалі практычна ва ўвесь жыллёвы фонд сталіцы. Пра гэта піша БелТА.

«На сённяшні момант сітуацыя цалкам лакалізаваная, нармалізаваная падача вады практычна ва ўвесь жыллёвы фонд гораду Менску. Ёсць яшчэ некалькі аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, дзе сканчаецца адпампоўка няякаснай вады. Міністэрства аховы здароўя, вядома, перастрахоўваючыся і атрымліваючы вынікі апошніх аналізаў літаральна ў рэжыме онлайн, яшчэ не зняў забарона (на ўжыванне вады для піцця. – заўв. belsat.eu) прама цяпер. Але думаю, што да канца дня – да пачатку раніцы вада будзе дазволеная і для пітных мэтаў», – сказаў Дзмітрый Круты.

«Менскводаканал»: вада ўжо не пахне, але піць яе нельга

Ён адзначыў, што пакуль рана казаць пра прычыны інцыдэнту, прапрацоўваецца некалькі версіяў.

«Базавай версіяй на сёння зʼяўляецца тое, што падчас рамонтных працаў, калі замяняўся ўчастак водаправода, у пакінутай часткі вада на працягу месяца або паўтары ва ўмовах спёкі і пад уплывам іншых фактараў застаялася. Калі ўвесь водаправод быў звараны, яна трапіла ў сістэму», – растлумачыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі.

Круты ўдакладніў, што гэта не канчатковая версія і дадаў, што не бачыць у гэтай сітуацыі «залішняга форс-мажору».

  • 24 чэрвеня ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах сталіцы пачаліся праблемы з пітною вадою. Жыхары наракалі на рэзкі пах і пякоту. Хутка быў арганізаваны падвоз вады ў цыстэрнах. «Менсквадаканал» у ноч на 25 чэрвеня распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што на падставе патрабаванні санітарных службаў піць водаправодную ваду ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёне сталіцы пакуль нельга. 26 чэрвеня «Менскводаканал» паведаміў, што здолеў вывесці непрыемны пах з сістэмы водазабеспячэння, але забарону на піццё водаправоднай вады захаваў.

Што адбылося з вадою ў Менску, і што робяць камунальнікі? Спрабуем разабрацца

ІІ belsat.eu

Hавiны