У 2017 годзе ў Беларусі было вынесена 5 смяротных прысудаў – гэта найвышэйшы паказнік за 11 гадоў


Першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Валер Калінковіч паведаміў, што ў 2017 годзе было вынесена 5 смяротных прысудаў і яшчэ 3 чалавекі асуджаныя да пажыццёвага зняволення.

Раней было дакладна вядома пра 4 смяротныя прысуды. У сакавіку быў прысуджаны да расстрэлу 32-гадовы жыхар Нароўлі Аляксей Міхаленя за забойства двух пенсіянераў, а летам двое фігурантаў справы «чорных рыэлтараў» Ігар Гершанкоў і Сямён Беражны (іх прызналі вінаватымі ў 6 забойствах). Таксама ў камеры смяротнікаў знаходзіцца Кірыл Казачок – яго за забойства дваіх уласных дзяцей прысудзілі да расстрэлу 28 снежня 2016 года, але прысуд набыў сілу ў 2017-м.

Пра яшчэ адзін прысуд ў Віцебскай вобласці неафіцыйную інфармацыю мелі праваабаронцы. Цяпер стала дакладна вядома, што да расстрэлу быў асуджаны 30-гадовы Віктар Летаў за забойства сукамерніка, якое адбылося ў глыбоцкай калоніі.

Валер Калінковіч паведаміў, што прысуд быў вынесены восенню 2017 года.

«Ніхто гэтага смяротніка не хаваў. Справа разглядалася ў адкрытым рэжыме, інфармацыя пра гэта друкавалася ў адкрытым доступе. На жаль, чалавек здзейсніў ужо трэцяе забойства ў сваім жыцці, адбываючы пакаранне за забойства», – распавёў TUT.by Калінковіч.

Паводле статыстыкі, 5 смяротных прысудаў за год – гэта адзін з самых высокіх паказнікаў пачынаючы з 2000-га. Толькі двойчы ў новым стагоддзі ў Беларусі прысуджалі да смерці часцей на працягу года: у 2006-м было 9 смяротных прысудаў, 2001-м – 7. У 2012 і 2014 смяротных прысудаў наогул не выносілася.

У 2018 годзе было вынесена два новыя смяротныя прысуды – па справе аб забойстве маладой пары ў Менску.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў