У 1941 годзе Віцебск спальвалі па загадзе камуністаў. Апублікаваныя ўспаміны падпальшчыка


Усходняя Беларусь найбольш пацярпела не толькі за час усёй нямецка-савецкай вайны ад вайсковых дзеянняў і тэрору, але і ў самыя першыя яе тыдні – тут савецкія функцыянеры мелі больш часу, каб вывезці ці максімальна знішчыць гаспадарку і жытло, і не турбаваліся лёсам мясцовых жыхароў.

Па загадзе Сталіна

«Пачалася вайна, школа ФЗА (фабрычна-завадскога навучання) стала рыхтавацца да эвакуацыі разам з нейкім заводам. Да вывазу рыхтавалі станкі і абсталяванне. Усіх навучэнцаў сабралі, праінфармавалі пра ад’езд, а потым далі заданне падпальваць дамы. Гэта быў час, калі па загадзе Сталіна быў кінуты лозунг перад адступленнем нічога не пакідаць ворагу. Памятаю, што ўсіх разбілі на групы па 2-3 чалавекі, далі нешта падобнае да серы, якую трэба было наносіць на цагляныя будынкі, а потым гэта падпальваць», – сведчыць удзельнік акцыі.

Успаміны падпальшчыка апублікаваў вядомы віцебскі краязнаўца Аркадзь Падліпскі ў другім выданні сваёй кнігі «Витебск: первые дни войны». Фрагмент быў выкладзены ў інтэрнэт парталам «Народныя навіны Віцебску».

Фрагмент нямецкай кінахронікі з відамі Віцебску ў 1941 годзе

«Нашай групе далі толькі два абʼекты для падпалу: кінатэатр »Спартак« і тагачасны абласны шпіталь па праспекце Фрунзе (зараз у гэтым будынку знаходзіцца шпіталь хуткай дапамогі). Полымя хутка ахапіла цэглу, і кінатэатр загарэўся. Затым пешкам адправіліся да шпіталя, усё паўтарылі і хутка накіраваліся на вакзал», – распавядае падпальшчык.

Імя чалавека, які ўдзельнічаў у спаленні гораду, схаванае ў кнізе пад псеўданімам «Іваноў».

«Разбураць і спальваць дашчэнту»

Загад Сталіна, пра які распавядае «Іваноў», гэта, хутчэй за ўсё, «Дырэктыва Савету Народных Камісараў СССР і ЦК ВКП(б) партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых вобласцяў» ад 29 чэрвеня 1941 году за подпісамі Сталіна і Молатава.

У дырэктыве адзначалася:

«Пры вымушаным адыходзе частак Чырвонай Арміі ўганяць рухомы чыгуначны склад, не пакідаць ворагу аніводнага паравозу, аніводнага вагону, не пакідаць праціўніку ані кілаграма хлеба, ані літра паліва. Калгаснікі павінныя ўганяць быдла, здаваць хлеб на захаванне дзяржаўным органам для вывазу яго ў тылавыя раёны. Уся каштоўная маёмасць, якая не можа быць вывезеная, павінная безумоўна знішчацца».

Была вывезеная альбо знішчаная прынамсі палова ўсяго эканамічна-прамысловага патэнцыялу ўсходняй Беларусі, пісаў гісторык Юры Туронак у сваёй класічнай працы «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Вывозіліся ці знішчаліся заводы, абсталяванне абʼектаў інфраструктуры, трактары, камбайны, масава (да 50% ад пагалоўя) уганялася сялянскае быдла – ці не адзіная крыніца бялка для вясковага насельніцтва.



Дакумент пра спаленне вёсак Чырвонай Арміяй у перыяд бітвы пад Масквой

«На тэрыторыі, дзе эвакуацыя праводзілася планамерна, г.зн. у Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай вобласцях, прамысловая вытворчасць была ў значнай ступені падарваная. Яшчэ ў большай ступені скараціліся ва ўсходніх вобласцях БССР запасы збожжа і хлебных прадуктаў. Сельская гаспадарка засталася без значнай цяглавай сілы, як механічнай, так і коннай», – піша гісторык.

11 ліпеня ў палаючы Віцебск увайшлі нямецкія войскі. Аднак аналагічныя загады з самага верху спускаліся і пазней, калі нямецкія жаўнеры ўжо падыходзілі да Масквы.

«Разбураць і спальваць дашчэнту ўсе населеныя кропкі ў тыле нямецкіх войск на адлегласці 40-60км у глыбіню ад пярэдняга краю і на 20-30 км управа і ўлева ад дарог. Для знішчэння населеных кропак у гэтым радыусе неадкладна кінуць авіяцыю, шырока выкарыстоўваць артылерыйскі і мінамётны агонь, каманды разведчыкаў, лыжнікаў і падрыхтаваныя дыверсійныя групы, якія маюць бутэлькі з запальваючай вадкасцю, гранаты і падрыўныя сродкі», – загад Стаўкі савецкага Вярхоўнага Галоўнакамандвання ад 17 лістапада 1941 году.

Іншыя сведчанні

Аркадзі Падліпскі прыводзіць і іншыя сведчанні спальвання Віцебску падманутай бальшавіцкай прапагандай моладдзю.

«У ліпені 1941 году да зубоў узброеныя немцы ўварваліся ў наш горад. А нашая слаўная, самая моцная ў свеце армія кудысьці прапала, замест таго, каб нас абараняць. Замест гэтага з дому ў дом бегалі маладыя хлопцы і падпальвалі дамы адзін за другім, каб нічога не дасталася наступаючаму ворагу, акрамя развалінаў і попелу. А што ў дамах былі яшчэ жывыя людзі, старыя і дзеці, гэта ні для каго не мела ніякай ролі. Наш зялёны горад гарэў», – пісаў Георгі Гебгардт-Федараў.



Вокладка кнігі Аркадзія Падліпскага. Фота news.vitebsk.cc

Падпальшчыкі не паўсюль маглі выканаць свае заданні – ім замінаў і хуткі прыход нямецкіх войск, і супраціў мясцовага насельніцтва. Аднак на ўсходзе Беларусі яны дзейнічалі абапіраючыся на сілы Чырвонай Арміі і НКУС.

«Вынікам падобных аперацый сталі значныя спусташэнні на Віцебшчыне, між іншым амаль цалкам былі спаленыя Віцебск і Полацк. На ўсход ад Барысава таксама паліліся грамадскія і жыллёвыя будынкі. Страты, панесеныя ад дзейнасці гэтых групаў, ніколі не выяўляліся і не падлічваліся. Пасля вайны іх спісвалі на нямецкіх акупантаў», – пісаў Юры Туронак яшчэ ў пачатку 1990-х.

«Нясцерпныя ўмовы» – для насельніцтва, але не для немцаў

У выніку савецкія дзеянні значна падарвалі эканамічнае жыццё Беларусі, перш за ўсё ўсходняй, аднак на прамысловы патэнцыял нашай краіны немцы асабліва і не разлічвалі, а заўважных перабояў з харчаваннем на фронце ў іх і не было ўсю вайну.

Немцы не сталі менш есці ад таго, што ў насельніцтва, дзякуючы камуністычнай кампаніі вынішчэння беларускай эканомікі і інфраструктуры, стала менш прадуктаў. Нацысты проста сталі больш абіраць мясцовых жыхароў.

Сталін загадваў стварыць на акупаванай тэрыторыі «нясцерпныя ўмовы для ворага і ягоных памочнікаў», аднак па сутнасці проста загадаў не лічыцца з патрэбамі і выжываннем людзей на тэрыторыі, якую займалі нямецкія войскі.

Шматмільённае галоднае і беспрацоўнае насельніцтва без даху над галавой павіннае было самім фактам свайго існавання ствараць хоць нейкія праблемы для немцаў, быць больш схільным да бальшавіцкай прапаганды. Пры гэтым супрацоўніцтва з нямецкай адміністрацыяй з мэтай хоць неяк дапамагчы гэтаму насельніцтву абʼяўлялася «здрадай».

Паралельныя нацысцкая і камуністычная кампаніі разбурэння, рабавання і тэрору прывялі да гібелі падчас савецка-нямецкай вайны вялікай часткі насельніцтва Беларусі. У савецкія часы страты цывільных жыхароў нашай краіны ацэньваліся ў 1,4 млн асобаў, аднак гэтая лічба дагэтуль падвяргаецца сумневу і пераглядаецца.

Глядзіце таксама:

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў