Тыя ж, з Канапацкай, але без Лялькова

Спадарыня Канапацкая заявіла, што яна сабрала сто тысяч подпісаў і падзякавала за дапамогу актывістам апазіцыйных партый. Верагодна, меўся на ўвазе персанальна Ігар Лялькоў, які здаў экс-дэпутатцы на пракат сваё апазіцыйнае імя і рэпутацыю.

Я не Станіслаўскі, каб заяўляць (у дадзеным выпадку), веру я Ганне Анатольеўне ці не веру. Яе цікавіць (зноў-такі ў дадзеным выпадку), ці паверыць ёй Лідзія Ярмошына. Мне здаецца, што паверыць. Сапраўды, чаму б не паверыць чароўнай жанчыне з дэкальтэ, якая нязмушана параўноўвае іншага прэтэндэнта з педафілам? А калі яна – з дэкальтэ, зноў-такі – вымавіць тую ж фразу непасрэдна ў эфіры Беларускага тэлебачання? Уяўляеце сабе, наколькі больш жыва пройдзе агітацыйная кампанія?

Але мы цяпер не пра Канапацкую. З ёй, на жаль, ясна калі не ўсё, то многае. У Горадню на пікет да Ціханоўскага яе не павезлі, але па краіне пракаціцца дазволяць.

Мы пра Лялькова.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 года спадар Лялькоў актыўна спадарожнічаў паездкам Таццяны Караткевіч. Тады, паводле яго слоў, многія сябры БНФ, адным з кіраўнікоў якога ён з’яўляўся, паставіліся да яго пазіцыі з разуменнем. Да таго ж, скандал з подпісамі, якія штаб Таццяны Мікалаеўны нібыта не сабраў, разгарэўся ўсё ж пазней – калі з адпаведнай заявай выступіў Яраслаў Берніковіч. Але нават гэтая заява магла не паўплываць: ні для каго не сакрэт, што «ГП» увесь час займалася выключна петыцыйнымі кампаніямі, так што база дадзеных з імёнамі і адрасамі фанатаў у штаба была – трэба было толькі паслаць па гэтых адрасах ганцоў з падпіснымі лістамі.

На пікеце каля Камароўскага рынку ў Менску, 7 чэрвеня.
Фота: belsat.eu

Але цяпер, калі гаворка ідзе пра «актывістаў апазіцыйных партый», і адзіны статусны персанаж сярод ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай – Ігар Лялькоў, вельмі хочацца атрымаць інфармацыю з ягоных вуснаў. Так сказаць, колькі подпісаў сабрана канкрэтна – і членамі якіх апазіцыйных партый. Бо менавіта Лялькоў, як пісала прэса, з’яўляецца кіраўніком гэтай наймагутнай ва ўсіх адносінах структуры, здольнай забяспечыць рэгістрацыю любой жанчыны з дэкальтэ (і, верагодна, мужчыны з гэткімі ж выдатнымі вартасцямі). Ён – кіраўнік ініцыятыўнай групы. Вось, хочацца пачуць начальніка транспартнага цэха, як казаў Міхаіл Жванецкі.

І тут на памяць прыходзіць зноў жа! – кампанія 2010 года.

Тады зарэгістравалі ўсіх. Толькі ўсе «зарэгістраваныя» у прамым эфіры накінуліся на адсутнага перад тэлекамерай Аляксандра Лукашэнку і парвалі яго проста як тузік грэлку. Скончылася ўсё для іх вельмі дрэнна: кожны атрымаў свой тэрмін.

Ганна Канапацкая.
Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

Зараз, падобна, рыхтуецца тая ж схема. Зарэгістраваныя будуць не ўсе, але многія, у тым ліку адзін з рэйтынгавых альтэрнатыўных кандыдатаў. Але вось астатнія зарэгістраваныя атрымаюць (ці ўжо атрымалі) дакладнае ўказанне, каго менавіта ірваць. Не Лукашэнку ірваць. Указанне будзе дадзена ў разліку на, кажучы словамі аднаго нерукопожатного сацыёлага, «кумулятыўны эфект», калі колькасць вылітага на персону негатыву перарасце ў якасць адносінаў да яго электарату.

Схема, аднак, мае ўсе шанцы не спрацаваць.

Па-першае, як вучыць вопыт 1994 года, закон пераходу колькасных змяненняў у якасныя спрацоўвае далёка не заўсёды. Ужо цяпер, колькі ні палівайце брудам Ціханоўскага, Бабарыку або Цапкалу, ліпне да іх значна менш лайна, чым льецца. Думаю, пасля рэгістрацыі яны проста струсяць з сябе ўсё і пойдуць далей, не азіраючыся на спадарыню Канапацкую. Менавіта так у 1994 годзе было з кандыдатам Лукашэнкам (Цапкала сведка).

Па-другое, прыцягненне ў прэзідэнцкую кампанію прастытутак ужо было загадзя анансавана Алегам Гайдукевічам і працягнута спадарыняй Аленай К. Так што ніякага эфекту нечаканасці ў гэтым не будзе. Самой жа Ганне Канапацкай ўжо па барабану, як аб ёй і хто падумае: дэкальтэ і чырвоны аўтамабіль дапамогуць ёй захаваць некаторую прывабнасць нават па заканчэнні выбараў.

Фота: Вячаслаў Лазараў / Belsat.eu

Але вось што будзе з Ігарам Ляльковым?

Пасля кампаніі 2010 года я задаў некалькім удзельнікам яе падобныя пытанні: а подпісы-то ваша група сабрала?

Адзін адказаў шчыра, хоць і не без ухілістасці:

– Але мяне ж зарэгістравалі. Трэба было змагацца далей.

Гэтая адгаворка з вуснаў спадара Лялькова гучаць будзе, па меншай меры, не пераканаўча. Яго кандыдатка будзе змагацца відавочна не з тым аб’ектам, з якім хацелі б змагацца сябры яго партыі.

Начальнік штаба другога кандыдата, шчыра вернік, заявіў мне:

– Мне сказалі, што мы сабралі подпісы.

Далей удакладняць, хто менавіта сказаў пра гэта чалавеку, чыім абавязкам было асабіста перагледзець усе падпісныя лісты і пазбавіцца ад сумніўных, было бессэнсоўна. «Сказалі», – ну, ён і паверыў. Як жа не паверыць-то? Людзям наогул трэба верыць часцей.

Вельмі хочацца атрымаць адказ на гэтае пытанне ад спадара Лялькова. Карысна, калі людзі публічныя бяруць на сябе адказнасць за тое, што адбываецца. Ну, вядома, яшчэ некалькі чалавек з гэтай жа ініцыятыўнай групы ўбачыць і задаць ім пару-тройку пытанняў. Хоць бы таму, што ў 2015 годзе ў інтэрв’ю Віталю Цыганкову Ігар Лялькоў заявіў:

– Тыя, хто заклікае Таццяну Караткевіч зняцца, працуюць на легітымізацыю Лукашэнкі.

Вось цікава, на чыю легітымізацыю будзе працаваць знаходжанне пані Канапацкай у нашай інфармацыйнай прасторы падчас цяперашняй выбарчай кампаніі. Бо яно нам забяспечана. Як забяспечана і цяпер ужо канчатковая адсутнасць у нашым жыцці Ігара Лялькова.

Як кажа Віктар Бабарыка, Бог даруе.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў