«Твор без аўтарства». Фільм, які не шкада хваліць

На думку кінакрытыка Сяргея Філімонава, у беларускім пракаце цяпер дэманструюць рэдкі фільм – той, які не шкада хваліць. Хоць заўвагі да кінастужкі аўтар таксама мае.

«Твор без аўтарства». Кадр са стужкі

«Твор без аўтарства» зняў нямецкі рэжысёр фон Донэрсмарк, уладальнік Оскара (2007 г.) за фільм «Жыццё іншых», дзе ішла гаворка аб бясчынствах Штазі ў ГДР. Новы фільм быў узнагароджаны летась прызамі Венецыянскага фестывалю, намінаваўся на Оскары і Залатыя глобусы. «Твор без аўтарства» – гэта сур’ёзная жыццёвая драма пра лёсы, зламаныя нацызмам і камунізмам. Роўная, атмасферная і цудоўна знятая.

Адмоўная рэцэнзія: фільм можна абвінаваціць у стэрыльнасці

Нават рацыянальным людзям фільм мае шанец спадабацца з-за таго, што гэта – доўгая гісторыя жыцця хлопчыка, які сталеў пры нацызме, творча рос пры камунізме, а вядомым мастаком зрабіўся ў Заходняй Германіі. Але можа здацца зацягнутым з-за хронаметражу (тры гадзіны) і некаторых доўгіх планаў, насычаных эмоцыямі.

Актор Том Шылінг.
Фота: kn-online.de

На аматараў чыстага экшн дадзеная драма не пакіне асаблівага ўражання, але яе ацэняць людзі, схільныя да сентыментальнасці і здольныя адчуваць нюансы. Аматары экспрэсіі, сюррэалізму, яскравасці абвінавацяць фільм у стэрыльнасці. Магчыма, іх не ўразіць рэжысура фон Донэрсмарка. Ці яны не зразумеюць таго містычнага кола лёсу, на якім, увогуле, трымаецца сцэнар.

На прэм’еры ў Венецыі.
Фота: Kurt Krieger

Станоўчая рэцэнзія: «Аддайце ім па справах іх»

Людзі творчыя, або схільныя фантазіяваць, здаецца, будуць задаволеныя відовішчам. Таму што гаворка ў «Творы без аўтарства» ідзе пра таленавітае дзіця, якое гадуецца ў экстрэмальных умовах Другой сусветнай, а пазней робіцца вядомым мастаком.

Кадр са стужкі.
Фота: geek pool

Гэтае дзіця не разумее, што такое «канфармізм». Што гэта – прыстасаўленства, прыняцце абавязковага ў грамадстве парадку. Але глядач бачыць, што ва ўмовах фашысцкага рэжыму канфармізм можа дапамагчы выжыць, а ва ўмовах камуністычнага рэжыму не дае такой гарантыі. Канфармізм прафесара медыцыны (актор Себасцьян Кох) дапамагае заставацца на чале пры нацыстах, пры камуністах, акрамя гэтага яшчэ неабходны «дах» мясцовага начальніка КДБ. Калі такі «дах» знікае, гарантыяй выжывання робяцца толькі ўцёкі з ГДРаўскага «раю на зямлі». Гэта датычыцца і галоўнага героя-мастака (Том Шылінг). Ён спрабуе шчыра любіць рэжым, усталяваны Саветамі ў ГДР, але імкненне да творчай свабоды вядзе яго да ўцёкаў на Захад.

Акторка Поўла Бір.
Фота: noizz.de

Бясконцы канфармізм робіць прафесара жорсткім, ён гатовы стэрылізаваць сваю дачку, абы яна не нарадзіла дзіця ад мастака. На яго думку, мастакі і іх семʼі – гэта слабыя дэграданты, чые нашчадкі нараджаюцца хворымі ды пачварнымі… Але ў выніку гэты бацька будзе пакараны – або галоўным героем, або містычным злучэннем акалічнасцяў, ці, можа, лёсам? Гэта ўжо вырашаць гледачу. Бо любімую цётку героя-мастака адправіў на смерць менавіта бацька яго каханай. Рэжысёр і сцэнарыст фон Донэрсмарк нібы кажа: «Аддайце ім па справах іх».

Вердыкт: 9 з 10

Аматары так званых жыццёвых драм даўно не бачылі фільмаў свайго ўлюбёнага жанру, зробленых на такім узроўні майстэрства. Аматары арт-хауса атрымаюць сурʼёзную падставу для спрэчак, абмеркавання і роздумаў. Аматары бездакорнай аператарскай працы ўбачаць яе ў поўны рост. Аматары еўрапейскага кіно ўбачаць у фільме плеяду тытулаваных на кантыненце актораў. А я з павагай пастаўлю «Твору без аўтарства» адзнаку 9 з 10.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў