«Тут няма расізму». Пратэсты ў ЗША вачыма беларусаў


Смерць чорнага мужчыны Джорджа Флойда ад калена паліцыянта і буйныя дэманстрацыі, якія яна выклікала, сталіся адной з найбольш гучных тэмаў у ЗША напачатку траўня. Асаблівую ўвагу медыяў прыцягвалі здымкі разбітых вітрынаў люксавых крамаў і абрабаваныя салоны тэхнікі. Што насамрэч стаіць за дэманстрацыямі і наколькі моцная праблема расізму ў сучаснай Амерыцы – «Белсату» распавялі беларусы з розных частак ЗША.

Гандляваць наркотыкамі — адзіны выбар

Улад Кавалеўскі зараз вучыцца і жыве ў невялічкім горадзе Атэнс, штат Агаё. Ён зазначае, што ягонае месца – вельмі студэнцкае, шмат хто раз’ехаўся дадому з-за каронавірусу. Таму пратэсты там не былі асабліва буйнымі. Паводле маладога чалавека, яны з большага нагадвалі адзіночныя пікеты. Аднак даволі масавыя дэманстрацыі праходзілі ў суседнім горадзе Каламбус.

Улад Кавалеўскі, беларус у ЗША.
Фота: архіў героя

У Атэнс не было аніякіх пагромаў. Таму Улад з усмешкай прыгадвае, што як толькі дэманстрацыі пачаліся, яму пачалі тэлефанаваць сваякі.

«Яны вельмі турбаваліся за мяне, калі бачылі ўсе гэтыя пагромы па тэлебачанні. Ім падавалася, як быццам тут ідзе грамадзянская вайна. З большага пратэсты адбываюцца ў самым цэнтры гораду, на двух цэнтральных вуліцах. А ў астатніх частках – спакойна», – падкрэслівае ён.

Улад мяркуе, што расейскія медыі за карцінкай забываюць, чаму ўвогуле ідуць пратэсты, і адзначае, што гэткі падыход сяны маюць да асвятлення бадай кожнай трагедыі.

«Тут марадзёрства – гэта у пэўнай ступені жэст змагання з капіталізмам. Прычына, паводле якой пратэсты адбываюцца – больш страшная, чым скрадзеныя джынсы Louis Vitton», – кажа ён.

Паводле юнака, у Амерыцы вельмі шмат так званага «структурнага расізму». Гэта значыць, што самая сістэма пабудаваная такім чынам, што ў чарнаскурага насельніцтва менш правоў і магчымасцяў, чым у белага. Чорныя амерыканцы – знаходзяцца ў больш уразлівым становішчы з-за гісторыі рабства і далейшых законаў аб сегрэгацыі. Насельніцтва іншых расаў з такім прыгнётам не сутыкаецца.

Як гэта выглядае на практыцы? У ЗША школы фінансуюцца з мясцовых бюджэтаў. Калі раён небагаты, школы атрымліваюць малое фінансаванне і якасць адукацыі там ніжэйшая. Як правіла самыя бедныя раёны – «чорныя».

«Атрымоўваецца, што дзеці растуць у асяроддзі, дзе, умоўна кажучы, гандляваць наркотыкамі – гэта ледзь не лепшы выбар, які ў цябе можа быць», – тлумачыць Улад.

«Коп мне сказаў, што некаторых чорных лепей адразу прыстрэліць»

Фатограф-фрылансер Максім Васко, які зараз жыве ў Нью-Ёрку кажа, што пратэсты ў ЗША пачаліся з Мінеапаліса. Прычым адразу з пагромаў, бо мірных працэсіяў ніхто не ладзіў. У Нью-Ёрку мірныя сходы былі толькі першы пару дзён. Потым пачаліся беспарадкі: натоўп разбіваў вітрыны дарагіх крамаў у самым цэнтры гораду.

Максім Васко, беларус у Нью-Ёрку.
Фота: архіў героя

Зараз у горадзе больш спакойна. У цэнтры крамы забілі фанерай вітрыны, нанялі ахову, а ў некаторых месцах нават самі арганізоўваюцца для абароны раёну і штату.

Паводле Максіма, схаванае патрабаванне маніфестантаў – прымусіць Доналда Трампа сысці з пасады. Гэта выпрабаванне для палітыкаў: як яны будуць спыняць дэманстрацыі. А дробны бізнес будзе крытыкаваць бяздзеянне. У любым выпадку – незадаволеных шмат.

«Пакутуюць усе: і буйны бізнес, і дробны гандаль. Ну як можна граміць краму, дзе ты снедаеш кожную раніцу?», – абураецца ён.

Максім зазначае, што чарнаскурыя ў ЗША часта даволі агрэсіўныя. Белым лепей не заходзіць у іхныя раёны, бо там у іх могуць быць праблемы.

«Адзін коп мне сказаў, што з большага ўсе людзі нармальныя, але калі трапляецца звышагрэсіўны, то лепей яго адразу прыстрэліць. Таму што некаторыя ўвогуле не маюць чалавечых каштоўнасцяў. Беларускаму «быдлу» з імі не параўнацца».

Мужчына кажа, што ў Нью-Ёрку ўвогуле намагаюцца не кранаць цемнаскурых лішні раз. Калі расізм і ёсць, то ў дачыненні да «белых».

«У муніцыпальных канторах амаль усе – «чорныя». Калі ты разумны і выдатнік фізпадрыхтоўкі, то ўсё роўна на пасаду возьмуць цемнаскурага двоечніка…» – падкрэслівае ён.

«Разнесеныя крамы падчас пратэсту – тут норма»

Аналітык Валер Кавалеўскі жыве ў сталіцы ЗША – Вашынгтоне. Гэты горад адзначаецца вялікай колькасцю цемнаскурага насельніцтва і самымі буйнымі паводле колькасці ўдзельнікаў пратэстамі. Асабліва масавымі яны былі каля Белага дому. Пратэстоўцы размалявалі таксама помнік Тадэвушу Касцюшку.

Валер Кавалеўскі, беларус у Вашынгтоне.
Фота: архіў героя

Пагромы Валер разглядае як магчымасць гучней заявіць аб сваіх праблемах:

«Калі вы проста пройдзецеся па вуліцах гораду, то хутка пра вас забудуць. А калі вы пры гэтым палову гораду разаб’яце, то на вас ня хутка забудуцца».

Ён адзначае, што Злучаныя штаты – краіна, якая паўстала праз бунт супраць законнай улады тагачаснага ангельскага караля. Амерыканцы ўладзе не давяраюць і намагаюцца абмежаваць ейнае ўмяшанне ў іхныя справы.

«Мы можам успрымаць разнесеныя крамы як трагедыю, але тут гэта – норма. У Беларусі ў 2010 годзе пабілі шкло ў дзвярах Дому ўраду і было шмат шуму», – тлумачыць ён.

Bird’s Eye View of Protests Across the U.S. and Around the World: Atlanta

Opublikowany przez My Publicist Niedziela, 14 czerwca 2020

Валер сцвярджае, што ў Злучаных Штатах сістэма часта перадузята ставіцца да цемнаскурых. Яны часта больш бедныя, таму ім складаней атрымаць якасную юрыдычную дапамогу і яны як след часцей трапляюць у турму. «Чорныя» бацькі вучаць сваіх дзяцей паводзіць сябе пэўным чынам пры паліцыянтах. Каб яны не высоўваліся, не размаўлялі занадта гучна і занадта хутка.

Дэманстранты ў першую чаргу выступаюць супраць паліцэйскага гвалту. Сярод асноўных патрабаванняў: скарачэнне фінансавання паліцыі і змяненне функцыяў паліцыянтаў. У гэтай рэформе ўжо ёсць зрухі.

Аб’ектыў
Забойства пры затрыманні
2020.05.28 23:15

«У Сіэтле паліцыі забаронена ўжываць спецсродкі дзеля спынення пратэстоўцаў. А тут, у Вашынгтоне, адзін са сквераў гораду перайменавалі ў сквер Black Lives Matter. На дарозе, якая вядзе да Белага дому, паставілі вялікія літары Black Lives Matter. Іх немагчыма не заўважыць. І гэта было зробленае з санкцыі мэрыі», – кажа Валер.

«Паліцыя тут – звышкарэктная»

Зараз былы аператар «Белсату» Андрусь Козел разам з сям’ёй жыве ў невялічкім горадзе Сарасота ў штаце Флорыда. Паводле яго, іхнае месца даволі заможнае, таму пратэсты іх не закранулі. Аднак ён шмат падарожнічаў па краіне, і бачыў, як падзеі развіваліся ў іншых мясцінах.

Андрусь Козел і Вольга Чайчыц.
Фота: асабісты архіў героя

Андрусь адзначае, што ў пратэстах бралі ўдзел людзі розных расаў. Пікеты ў невялікіх гарадах былі з большага былі «чорныя», а вось у дэманстрацыях у вялікіх гарадах палова пратэстоўцаў былі «белыя».

«У буйных гарадах, дзе ёсць гета, былі пагромы. Тут ёсць свая спецыфіка: калі ў краіне абвяшчаецца надзвычайнае становішча, то ўлады ўводзяць каменданцкую гадзіну. Гэта перадусім, каб спыніць марадзёрства. Тут шмат абібокаў, якія не працуюць і жывуць з дапамогі ад дзяржавы. Для іх за шчасце выцягнуць з крамы тэлевізар», – тлумачыць беларус.

Opublikowany przez Downtown Grand Rapids Inc. Poniedziałek, 15 czerwca 2020

Ён кажа, што нейкія пратэстоўцы намагаюцца гэтак прыцягнуць увагу да сваіх патрабаванняў, аднак большасць з іх папросту карыстаюцца момантам.

Андрусь прызнаецца, што не ва ўсім ён згодны з патрабаваннямі пратэстоўцаў. Ён не заўважыў у Штатах расізму. А патрабаванне адмяніць паліцыю яму і ўвогуле падаецца неверагодным.

«Мы ўцякалі сюды ад паліцэйскай краіны. Тут я малюся на паліцыю! Яны звышкарэктныя, на любую патрэбу адгукаюцца, добра ведаюць закон», – кажа ён.

Андрусь заўважае, што ў Штатах ёсць сапраўдныя небяспечныя раёны, пераважна «чорныя», дзе няма аніякай інфраструктуры, а людзі з большага зарабляюць на жыццё праз крымінал.

«Гэта краіна велічэзных магчымасцяў. Калі нехта здолее збегчы з гета, то здолее стаць кім заўгодна: і доктарам, і архітэктарам», – перакананы ён.

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў