«Тут і блогераў садзяць». Гарадзенец выдаў у В'етнаме альбом і распавядае, чаму прамяняў Беларусь на краіну мапедаў


Дзяніс Трусаў, лідар гурта «Autonomicon», пражыў тры жыцці ды ўбачыў тры рэальнасці. Музыка пераехаў у Польшчу, а тры гады таму ўладкаваўся ў В’етнаме.

У Азію Дзяніс трапіў дзякуючы сястры, якая жыла ў Ханоі і запрасіла яго пераехаць. Стаміўшыся ад польскіх рэаліяў, ён купіў квіток у адзін бок.

У інтэрв’ю belsat.eu артыст распавядае, як працаваць у класе з 55 вучнямі, чым вʼетнамцы адрозніваюцца ад беларусаў і па чым сумуе больш за ўсё.

Акліматызацыя і пошук працы

Раней я ніколі не быў у Азіі, таму мяне здзіўляла літаральна ўсё – паветра, гукі, спалучэнне колераў, людзі, ежа, норавы. Першы месяц я адчуваў бясконцы культурны шок. І нават цяпер не перастаю здзіўляцца – жыццё тут нашмат больш інтэнсіўнае.

Фота з архіву артыста

З працаю разабраўся хутка. Я выкладаю замежныя мовы, а тут патрэбныя былі настаўнікі. Спачатку ўладкаваўся ў дзяржаўную школу. Першы час было нялёгка – класы па 50–55 вучняў, даводзілася быць вынаходлівым. Вучні тут розныя: любяць пахуліганіць, але, калі выразна пазначыць сваю пазіцыю, з дысцыплінаю праблемаў няма.

А вось з прадметам – проста бяда. Мовы зусім розныя, і навука в’етнамцам даецца нялёгка.

Заробкі для прафесіі настаўніка прыстойныя. У Польшчы з голаю стаўкай пасля аплаты жылля, рахункаў і праязнога часта банальна не ставала да першага чысла. А тут хапіла на нармальнае харчаванне, вандроўкі, а самае галоўнае – застаўся час і рэсурсы для заняткаў творчасцю.

Дзяніс Трусаў. Фота з архіву артыста

Дарэчы, у Азіі настаўнікі англійскай вельмі запатрабаваныя. У Кітаі, напрыклад, можна атрымліваць 20–30 долараў за гадзіну працы. Але там аддаюць перавагу native speakers [носьбітам мовы – заўвага belsat.eu].

Жыццё ў сталіцы

У Ханоі восеньская зіма, потым лета, лета і лета.

Улетку людзям у Ханоі жыць вельмі горача. Людзі п’юць зялёную гарбату з лёдам, ім становіцца лягчэй, і яны здольныя зʼесці гарачы суп з каласальнай колькасцю чырвонага перцу ў + 36.

Да замежнікаў тут стаўленне ў цэлым добрае. Вʼетнамцы, у прынцыпе, людзі добразычлівыя. Але на побытавым узроўні часам бывае цяжка. Калі ты белы, то па змоўчванні круты. Усе хочуць з табой выпіць або сфатаграфавацца. У аддаленых горных вёсках людзі выходзяць з дамоў і глядзяць на цябе, як на цырк, які прыехаў. Але часта і аблічваюць.

У Ханоі амаль у кожным доме на першым паверсе якая-небудзь крама, кавярня, майстэрня або любы іншы дробны бізнес, але, купляючы там, ты заўсёды, як белы, плоціш больш. Калі хочаш абысціся без гандлю – супермаркеты і гіпермаркеты. Выбар тавараў такі ж, як у Еўропе, але з мясцовым каларытам. Напрыклад, можна купіць лічынкі шаўкапрада.

Краіна мапедаў

Абзавёўся матаролерам, тут без яго – ніяк. І зразумеў, што мне заўсёды дзіка бракавала менавіта гэтага – свабоднай язды. На дарогах тут пануе кіраваны хаос.

У Ханоі ўсё жыццё адбываецца на скутарах. Яны даўно прыручаныя – з налепкамі, кветачкамі, уручную размаляванымі драпінамі ды непаўторнымі габеленамі з ізаляцыйнай стужкі.

Норавы в’етнамцаў

Моладзь тут у асноўным празаходняя. Шмат хто марыць з’ехаць у Аўстралію або ў Паўднёвую Карэю.

Для мяне адкрыццём стала карціна, якую я ўбачыў на парозе школы, – дзяўчынка гадоў дзесяці з піянерскім гальштукам рабіла сэлфі новым айфон, а на галаве ў яе была панамка з лістом марыхуаны. Вось, мабыць, квінтэсенцыя В’етнаму ў адным вобразе.

Лекцыі ў школе. Фота з архіву артыста

Мая в’етнамская сяброўка неяк сказала: тады мы перамаглі ЗША на вайне, але цяпер яны перамагаюць нас у супермаркетах.

Ёсць і антызаходнія таварышы. Чым яны старэйшыя, тым іх больш.

У цэлым усё тое, што адбываецца, можна апісаць як 90-ыя, але з сацыяльнымі сеткамі ды смартфонамі. У адрозненне ад нас у 90-ыя, в’етнамцы ганарацца сваёй краінай, Ха Шы Мінам. Патрыятызм не горшы за амерыканскі, хоць з аглядкаю ды самаіроніяй.

Фото их архива артиста

Калі амерыканскі экспат, вядомы ў В’етнаме youtube-блогер, даволі востра пажартаваў у каментары ў «Facebook’у» на тэму паважанага нябожчыка генерала Во Нгуеўна Зіяпа, яму давялося несалодка. Толькі факт, што ў яго жонка вʼетнамка і малалетняе дзіця, змякчыў пакаранне. Замест турмы яму далі вялізны штраф.

А наагул блогераў тут садзяць, цэнзура працуе. Нядаўна арыштавалі з дзясятак чалавек, у тым ліку в’етнамцаў з амерыканскім грамадзянствам. Ім інкрымінуюць стварэнне арганізаванай групы для зрынання ўраду і захопу ўлады. Мае вʼетнамскія сябры ставяцца да гэтага па-рознаму. Некаторыя асуджаюць, іншыя наадварот кажуць: так ім і трэба.

Культурны разрыў

Розніца вельмі вялікая. Для мяне спачатку было праблемай працаваць басанож. А ў іх не прынята ў памяшканні ў абутку быць.

Узровень ведаў вельмі розны. Напрыклад, з усяго майго класу толькі двое ведалі, хто такія габрэі. Астатнім было проста ўсё роўна. Пра Беларусь ведаюць па матацыкле «Менск».

Паводзіны за сталом, стаўленне да гігіены і чысціні зрынулі ў ступар. Пасядзець пасля абеду і маўкліва пакалупацца ў зубах за сталом – гэта норма. Некаторыя зубачысткамі, а некаторыя адмыслова выгадаваным пазногцем на мезенцы.

В’етнамскі дом. Фота з архіву артыста

Але ёсць і шмат пазітыўных адрозненняў. Напрыклад, стаўленне да сям’і, павага да старых. Увогуле ў параўнанні з беларусамі вʼетнамцы акружаныя традыцыямі, рытуаламі, кодэксамі паводзінаў, якім ужо тысячы гадоў, і яны іх прытрымліваюцца.

Стаўленне да болю і пакутаў прасцейшае. Напэўна таму, што вайна была параўнальна нядаўна. Дарэчы, большасць дробных медычных умяшанняў і аперацыяў праходзіць без абязбольвання. Мясцовыя ашчаджаюць і стаічна пераносяць боль. Шырока выкарыстоўваюць альтэрнатыўную медыцыну – усе гэтыя дзіўныя бутэлечкі з незразумелымі грыбамі ды карэньчыкамі, незразумелымі часткамі целаў жывёлінаў.

В’етнамскі дом. Фота з архіву артыста

В’етнамкі ходзяць па горадзе ў піжамах. Піжамы, трэба сказаць, знатныя і разнастайныя. Гэта ідэальныя, легальныя самнамбулы, іх ніхто не будзіць, яны ходзяць па крамах, пʼюць каву на набярэжнай, фатаграфуюцца.

З Вʼетнаму цяжка зʼехаць, асабліва з маёй спецыяльнасцю, асабліва ў Польшчу або ў Беларусь. Я працую легальна, плачу падаткі ды аброс тут знаёмымі і сувязямі.

Дзяніс Трусаў. Фота з архіву артыста

У мяне цудоўныя студэнты, дапытлівыя і матываваныя. Але я сумую. Па грэчцы, сырнікам і хрусту снегу пад нагамі. А грэчка тут дарагая – $ 10 за кілаграм.

Творчасць

Тут я запісаў новы альбом. Мне вельмі пашанцавала, мой сусед, амерыканскі мастак, пазнаёміў мяне з Кім Нгок Чан – цудоўнай дзяўчынай, выкладчыцай і аніматаркай усяго, што звязанае з эксперыментальнаю музыкай і сучасным мастацтвам у Ханоі. Увогуле ў Ханоі адбываецца на здзіўленне шмат у плане эксперыментальнай музыкі.

Цяпер я рыхтую беларуска-в’етнамская-амерыканскі склад «Autonomicon» да канцэртаў у Ханоі. Мы рэпетуем праграму і праз пару месяцаў збіраемся граць са сцэны.

Альбом «Себякин грядёт» быў запісаны ў перыяд 2018–2019 і зведзены ў хатняй студыі. Мы запісалі саўндтрэк да свету, які з намі здараецца.

Фота з архіву артыста

Вокладку альбому намаляваў ужо вядомы з афармлення папярэдняга рэлізу гурта мастак Аляксей Навіцкі. На дыску 10 музычных кампазіцыяў на беларускай, польскай, расейскай мовах, адная паэма, якая і дала назву альбому.

«Autonomicon» застаюцца верныя свайму стылю – гэта эклектычны лоў-фай з глыбокімі, часам падобнымі да дзэнскай коаны тэкстамі.

Альбом можна праслухаць і спампаваць прослушать и скачать тут і тут.

Папярэдні альбом каманды высока ацанілі як у Беларусі (на думку аўтараў experty.by), гэтак і за яе межамі. Ён трапіў у топ беларускіх рэлізаў 2017 года на сайце «Beehype».

Песні гурта таксама прагучаць 29 сакавіка на творчым вечары паэткі ды перакладчыцы Юліі Цімафеевай і пісьменніка Альгерда Бахарэвіча.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў