«Сафмар» Міхаіла Гуцэрыева будзе прадаваць паліва расейскім нафтавым кампаніям, якія маюць свае АЗС у Беларусі. Пра гэта TUT.BY паведаміла інфармаваная крыніца, знаёмая з планамі расейскіх кампаніяў.
Беларускія НПЗ працуюць з кампаніямі Гуцэрыева па схеме працэсінгу. Частка нафтапрадуктаў, атрыманых у межах працэсінгу, будзе прадавацца расейскім кампаніям, чые АЗС цяпер маюць дэфіцыт паліва, сказаў суразмоўца выдання.
Схема працэсінгу прадугледжвае, што ўладальнік нафты пастаўляе яе на НПЗ, плаціць заводу за перапрацоўку, а пасля сам прадае вырабленыя нафтапрадукты.
Крыніцы TUT.BY адзначаюць, што ва ўмовах праблемаў з пастаўкамі нафты з Расеі сеткам АЗС, якімі валодаюць расейскія нафтавыя кампаніі, адмаўляюць у пастаўках нафтапрадуктаў. На некаторых АЗС пачалі дзейнічаць ліміты на продаж паліва.
Раней стала вядома, што кампаніі групы «Сафмар» плануюць паставіць у лютым у Беларусь каля 450 000 тонаў нафты.
ЮВ belsat.eu