TUT.BY, «Euroradio», БелаПАН, радыё «Свабода» не пусцілі на выступ Лукашэнкі: «Няма месцаў»


Калаж. Журналіст Зміцер Лукашук, якому не хапіла месца ў прэс-цэнтры Палаты прадстаўнікоў падчас паслання Лукашэнкі (злева)

19 красавіка Аляксандр Лукашэнка звернецца са штогадовым пасланнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу.

Сёлета прэс-служба Палаты прадстаўнікоў не акрэдытавала шэраг незалежных медыяў, сярод якіх TUT.BY, «Euroradio», БелаПАН, Радыё «Свабода». Журналісты напісалі пра гэта ў «Facebook’у».

Зміцер Лукашук у каментары belsat.eu сказаў, што не агаломшаны такім рашэннем.

«Калі падаешся на акрэдытацыю на мерапрыемства з удзелам кіраўніка краіны, заўсёды ў журналістаў незалежных медыяў ёсць чаканне, што могуць адмовіць. Усе прадстаўнікі дзяржаўных медыяў стромкія і хударлявыя. Нават у невялічкім памяшканні месца ім дастаткова.

А прадстаўнікі незалежных медыяў – тоўстыя, ім заўсёды не стае. Гэта не ўпершыню. А на фота з папярэдніх сустрэчаў бачна: месца столькі, што можна яшчэ два разы па столькіх журналістаў запусціць. Мала зразумела, навошта ім столькі журналістаў рэгіянальных медыяў. А, можа, іх і запрасілі, каб нам месца не хапіла», – жартуе журналіст.

Ён зазначае, што нельга казаць, што ў прэс-службе асцерагаліся нязручных пытанняў, бо фармат гэтага мерапрыемства не прадугледжвае іх увогуле.

«Адзінае, што публічна не транслююць пытанні дэпутатаў да кіраўніка краіны і адказы на іх. Раней пасля сканчэння публічнай трансляцыі ў прэс-цэнтр транслявалася непублічная частка, мы мелі магчымасць чуць і даваць у свае медыі. Што не заўсёды падабалася прадстаўнікам прэзідэнцкай прэс-службы».

Belsat.eu звязаўся з прэс-службай Палаты прадстаўнікоў, каб распытаць, чаму журналістам незалежных СМІ «не хапіла месца».

«Мы акрэдытавалі раней рэгіянальныя выданні, іх было шмат. Там і недзяржаўныя ёсць. Не тое, што яны [TUT.BY, «Euroradio», БелаПАН], – занадта позна звярнуліся, але пакуль што вось так. Шмат каму месца не хапіла. Не толькі ім. У нас невялікі прэс-цэнтр, каля 50 месцаў усяго», – адказалі belsat.eu у прэс-цэнтры Палаты прадстаўнікоў.

ВІДЭА
Пра што казаў Лукашэнка ў сваіх папярэдніх пасланнях да народу? Топ цытатаў
2018.04.24 07:59

ДР belsat.eu

Стужка навінаў