Тушонка, брудная вада і «русский дух». Як выглядае беларускае войска знутры


Што адбываецца ў войску за высокім плотам? Пра гэта шчыра распавядае былы кандыдат у дэпутаты Аляксей Лазараў, які цяпер праходзіць тэрміновую службу ў Лепельскім раёне.

Побыт у войску – не цукар

Паводле Аляксея, аб камфорце салдатаў аніхто не дбае. З кранаў у частцы цячэ вада ўсіх адценняў жоўтага, а на асабістую гігіену часам застаецца зусім мала часу.

– У цябе ёсць 30 секунд, каб памыць ногі, падпахі, пачысціць зубы і пасціраць шкарпэткі, – наракае Аляксей.

Часам, на водныя працэдуры жаўнерам даюць 5 хвілінаў – пры гэтым, на 10 чалавек усяго адна ракавіна.

– Нішто так не ўмацоўвае баявы дух, як адсутнасць дзвярэй у прыбіральнях. Менавіта там пачынаюцца самыя душэўныя размовы. Адразу ўспамінаецца «На Заходнім фронце без пераменаў», – распавядае Аляксей Лазараў у сваім блогу.

Ежа часта не самая смачная

Аляксей даволі часта каментуе ежу, якую даюць жаўнерам у войску. Ён наракае, што салдаты не ядуць цвёрдай ежы, іранізуе наконт мясцовых салатаў, і дзеліцца рэцэптам самай смачнай стравы за тэрмін ягонай службы. Фаварытам хлопца стала… тушонка з «Ролтанам»!

– Цікава, ці ёсць назва ў салаты, які складаецца з халоднага пюрэ і лука? – задаецца пытаннем Аляксей.

У беларускім войску часам пахне «русским духом»

Аляксей зазначае, што ў войску становяцца добра зразумелымі словы Лукашэнкі пра «фарпост Расеі». На першым тыдні службы ім чытала лекцыю аб веры, шкодзе Майдана і «гомасексуалізму» манашка. Ёсць і традыцыйныя лекцыі аб ідэалогіі ды вечаровы прагляд прагляд беларускіх афіцыйных навінаў. А вось расейскія навіны пасля тўіту Аляксея глядзець перасталі.

Свята могуць быць прыемнымі і ўтульнымі

Хоць у войску ў салдатаў вельмі мала ўласнага часу, часам здараюцца і неспадзяванкі. Аляксей у тўітах радуецца «цёпламу» святкаванню Новага года і Раства. Напрыклад, на Новы год жаўнерам нагатавалі шмат смачнай ежы, а на наступны дзень далі паспаць удзень.

Трэба насіць нязручную бялізну

Аляксей правёў падрабязны аналіз: што лепей – бялуга (звычайная вайсковая бялізна) ці тэрмабялізна. У шмат якіх салдатаў, у тым ліку і ў Аляксея, ад парашку, якім сціраюць «бялугу» пачынаецца алергія. Хуткі параўнальны аналіз паказаў – 6:0 на карысць тэрмабялізны.

Ёсць месца і забавам

Войска – гэта не толькі пра нарады, стрэльбу і выконванне загадаў афіцэраў. У Twitter Аляксей распавядае пра неблагія канцэрты, часам сучасную музыку ў сталоўцы і сумесныя наведванні лазні.

– Так прыемна ўпершыню за тыдзень адчуць сябе чыстым! – радуецца простым рэчам Аляксей.

Крытыкуеш – прапаноўвай

У Twitter Аляксей ня толькі фіксуе, што адбываецца ў ягонай частцы, але і дасылае свае прапановы. Ён зазначае, што можна дазволіць карыстацца смартфонамі, зрабіць больш частыя звальненні.

– Дарэчы, чаму б нашым мабільным аператарам не зрабіць які-небудзь тарыф «салдацкі»? Без інтэрнэту, але для званкоў і смс? Пры заробку ў 30 рублёў нам адносна нятанна абыходзіцца мабільная сувязь. Добры быў бы піяр-ход, – прапаноўвае Аляксей.

Хто такі Аляксей Лазараў?

Аляксей Лазараў стаў вядомы падчас леташняй выбарчай кампаніі да Палаты прадстаўнікоў. Ён быў сябрам кааліцыі «Моладзевы блок» – аб’яднання актывістаў, якія абаранялі інтарэсы моладзі. Лазараў быў актывістам кампаніі супраць «закону аб адтэрміноўках» #учебаважней.

Хлапец скончыў факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ, працаваў праграмістам у адной з кампаніяў-рэзідэнтаў ПВТ. Праз «закон аб адтэрміноўках» пасля сканчэння вучобы і выбарчай кампаніі ён адправіўся ў войска на паўгады. Аляксей служыць у вайсковай частцы ў вёсцы Заслонава Лепельскага раёну. У войску забаронена карыстацца смартфонамі, таму свой блог у Twitter ён вядзе праз СМС. А публікуе допісы адзін з ягоных сяброў.

Чытайце па тэме:

Ксенія Тарасевіч Belsat.eu

Стужка навінаў