Турыстычная галіна пад пагрозай банкруцтва праз каронавірус


У сувязі з успышкай каронавірусу ўладам Беларусі разам з турыстычным бізнесам неабходна сумесна распрацаваць захады па спыненні панікі і спакойнаму рэагаванні на рэальную абстаноўку. Турыстычная галіна краіны, як і іншыя галіны эканомікі, знаходзяцца пад пагрозай, адзначаецца ў адкрытым лісце «Рэспубліканскага Саюзу турыстычных арганізацыяў».

У лісце «Рэспубліканскага Саюзу турыстычных арганізацыяў» (РСТА) адзначаецца, што кампетэнтныя сусветныя арганізацыі не агучылі рэкамендацыі ўстрымацца ад перасоўвання і турыстычных паездак. Але каронавірус ужо выклікаў істотныя зрухі ў беларускім турбізнесе.

«Калі не прыняць адэкватныя захады па ўзяцці сітуацыі пад кантроль, можна пакінуць турыстаў без магчымасці здзяйсняць паездкі і планаваць свой адпачынак і страціць цэлую галіну, у тым ліку – уязны турызм, гэта значыць – экспарт паслуг, на які дзяржава ўскладае вялікія надзеі», – адзначаецца ў лісце РСТА.

У арганізацыі адзначаюць, што беларусы адмаўляюцца ад паездак. Прычым многія не жадаюць пераносіць выезд на больш позні тэрмін. У выніку беларускія аператары вымушаныя вяртаць грошы. Адметна, што замежныя партнёры сродкі беларускіх турфірмаў не вяртаюць.

Таму, на думку РСТА, неабходныя тэрміновыя захады, каб выправіць сітуацыю і ратаваць турыстычны бізнес.

Hавiны
Беларусаў заклікаюць не наведвацца на поўнач Італіі
2020.02.25 18:23

СК belsat.eu

Стужка навінаў