Турцыя пачала вайсковую аперацыю супраць Асада ў Сірыі

Турэцкія войска каля Ідлібу. Фота: KHALIL ASHAWI / Reuters / Forum

Міністэрства абароны Турцыі абвясціла пра пачатак вайсковай аперацыі супраць войскаў прэзідэнта Башара аль-Асада ў суседняй Сірыі. Пра гэта ў Twitter паведамляе «Anadolu Agency».

«Турэцкая аперацыя «Вясновы шчыт», распачатая пасля атакі сірыйскага рэжыму на турэцкія войскі ў Ідлібе, праходзіць паспяхова», – заявіў міністр абароны Турцыі Хулусі Акар.

Кіраўнік NATO абвінаваціў Дамаск і Маскву ў «невыбіральных авіяўдарах»

Паводле яго, аперацыя не нацэленая супраць Расеі, яе «адзіная мэта – спыніць масавыя забойствы, радыкалізацыю, міграцыю сірыйскага рэжыму».

Міністр таксама паабяцаў адплату супраць любога нападу на турэцкія сілы ды наглядальныя пасты ў Ідлібе. Ён падкрэсліў, што Турцыя будзе пераследаваць толькі салдатаў войскаў Башара Асада і тых, хто напаў на турэцкія войскі ў Ідлібе.

Расея і Турцыя – за крок ад вайны

Паводле Акара, Турцыя чакае, што Расея выкарыстае свой уплыў для спынення нападаў сірыйскага рэжыму і адводу сірыйскіх войскаў.

Міністр таксама заявіў, што турэцкія войскі ўжо абясшкодзілі каля 2200 вайскоўцаў сірыйскага рэжыму, адзін беспілотнік, 8 верталётаў, 103 танкі, дзясяткі гаўбіц і 3 сістэмы супрацьпаветранай абароны.

27 лютага ў сірыйскай правінцыі Ідліб у выніку авіяўдару сірыйскай авіяцыі загінулі больш за 30 вайскоўцаў Турцыі, яшчэ больш за 30 чалавек шпіталізаваныя з раненнямі рознай цяжкасці.

Прэзідэнт Турцыі Эрдаган: Мы не разумеем матываў Расеі ў Сірыі

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган распавёў, што размаўляў з Уладзімірам Пуціным па тэлефоне пасля авіяўдару і «папрасіў у Пуціна, каб Расея дазволіла турэцкім сілам самастойна змагацца рэжымам».

Прэзідэнт падкрэсліў, што Турцыя не шукае авантуры і не мае намеру пашыраць свае тэрыторыі, але абараняе сваю тэрытарыяльную цэласнасць ад рэжыму Асада.

У Турцыі зніклі працаўнікі расейскага выдання Sputnik

МГ belsat.eu

Hавiны