Туркменістан будзе судзіцца з Беларуссю ў Стакгольмскім арбітражы

Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат. Фота – bmci.by

Дзяржаўны туркменскі канцэрн «Туркменхімія» звярнуўся з позвай у Арбітражны інстытут пры гандлёвай палаце Стакгольму з нагоды невыканання «Белгархімпрамам» кантракту на будаўніцтве Гарлыкскага калійнага комплексу, падае «Gundogar News».

Фундамент будучага горна-абагачальнага камбінату ў мястэчку Гарлык у чэрвені 2009-га заклалі Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў. У студзені 2010-га «Туркменхімія» заключыла кантракт з «Белгархімпрамам» на амаль $ 1 млрд. Будаўніцтва павіннае было быць завершанае цягам пяці гадоў. Урачыстае адкрыццё адбылося, аднак, са спазненнем на два гады, але да сёння камбінат практычна не працуе, вытвараючы толькі каля 2 % ад запланавага аб’ёму прадукцыі.

«Няскончанасць работ пагражае «не толькі бяспекі вытворчасці работ, але і магчымасці ўзнікнення тэхнагеннай катастрофы, якая можа пацягнуць ахвяры сярод насельніцтва і нанесці сур’ёзную экалагічную шкоду», – гаворыцца ў публікацыі.

У выніку замоўца праекту скасаваў кантракт з «беларускай фірмай. Апроч гэтага Туркменія заявіла, што самастойна ліквідуе недахопы і запатрабуе кампенсацыі выдаткаў.

У лістападзе 2018-га кіраўнік Туркменістану аддаў загад падрыхтаваць дакументы для міжнароднага арбітражу.

Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат. Фота – bmci.by

Прычынаю невыканання «Белгархімпрамам» абавязкаў перад замоўцам можа быць у вялізарных запазычанасцях туркменскага боку, пра якія стала вядома летась.

Як распавяла «Хроніцы Туркменістану» крыніца, блізкая да «Белгархімпраму», туркменскі дзяржканцэрн павінен беларускай кампаніі каля $ 150 млн.

Паводле эканамічнага аглядальніка «Белсату» Станіслава Івашкевіча, беларускі бюджэт апынуўся ў мінусе прыблізна на $ 200 млн.

Наш канал прааналізаваў беларускія дзяржаўныя закупы для Гарлыкскага праекту і выявіў шэраг прыкметаў магчымага распілоўвання ў закупах будаўнічых матэрыялаў. Гэтак, «Белгархімпром» закупаў металічны парашок купершлак – паводле цаны 190 долараў за тону, хаця ў Расеі гэты матэрыял каштуе ўтрая танней. У выніку, тая закупка абышлася ў 90 тысяч долараў, замест 30. Хто і як атрымаў гэтыя падрады – не паведамляецца.

«Цяжка ўстрымацца, каб не пагрэць рукі на будаўніцтве за мяжой. Таму я не здзіўляюся, калі і сапраўды, кошты, па якіх закупаліся нейкія матэрыялы, яны большыя за тыя, якія ёсць сапраўды на рынку. Але гэта пытанне да нашага камітэту дзяржкантролю», – казаў у размове з «Белсатам» эканаміст Леў Марголін.

Памер кампенсацыі шкоды, якой Туркменія будзе дамагацца ад Беларусі ў Стакгольме, журналістам невядомы. Арбітраж таксама разгледзець пытанне пра будучыню тэхнікі «Белгархімпрамам», якая ўтрымліваецца на будаўніцтве «у мэтах мінімізацыі шкоды нанесенай туркменскай эканоміцы».

«Белсат» будзе спрабаваць атрымаць каментар у «Белгархімпраму» у аўторак.

ДД

Hавiны