«Цынічная адпіска». СК не захацеў аднаўляць справу аб выкраданні Завадскага

Следчы камітэт Беларусі адмовіў жонцы выкрадзенага 20 гадоў таму аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага ў яе просьбе аднавіць расследаванне. Пра гэта піша «Deutsche Welle».

Святлана Завадская, жонка выкрадзенага ў 2000 годзе аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага, звярнулася ў Следчы камітэт з просьбай дапытаць у якасці сведак асобаў, прозвішчы якіх паказаў былы баец беларускага СОБРу Юрый Гараўскі. Але ў адказе, які яна атрымала 6 студзеня, СК заяўляе пра адсутнасць падставаў для аднаўлення расследавання.

Святлана Завадская пра споведзь удзельніка «эскадронаў смерці»: Кожная жылка трасецца

У ведамстве адзначылі, што вінаватыя ў выкраданні ўжо былі асуджаныя ў 2002 годзе, а меркаванне Гараўскага пра выкраданне Завадскага іншымі людзьмі «не зʼяўляецца падставай для аднаўлення прыпыненага папярэдняга расследавання».

Жонка зніклага журналіста лічыць такі адказ «цынічнай адпіскай». Яна падкрэсліла, што асуджаным у выкраданні яе мужа паставілі ў віну толькі яго выкраданне, але далейшы лёс мужчыны так і не высветлены. Яна збіраецца абскардзіць адказ СК.

СК аднавіў крымінальную справу паводле факту знікнення Юрыя Захаранкі

Аператар ОРТ Дзмітрый Завадскі быў выкрадзены 7 ліпеня 2000 года. У 2002 годзе Вярхоўны суд прызнаў вінаватымі ў яго выкраданні былых афіцэраў МУС Валерыя Ігнатовіча і Дзмітрыя Маліка, але іх дачыненне да магчымага забойства журналіста даказанае не было. У выніку іх асудзілі на пажыццёвае зняволенне за выкраданне Завадскага і забойства яшчэ 5 чалавек.

16 снежня 2019 года з’явілася інтэрв’ю з былым байцом СОБРу Юрыем Гараўскім, у якім той распавёў пра свой удзел у выкраданні і забойстве вядомых апазіцыянераў – Юрыя Захаранкі ды Віктара Ганчара, а таксама бізнесоўца Анатоля Красоўскага. На яго думку, байцы падраздзялення маглі быць датычныя і да забойства Дзмітрыя Завадскага.

Поўны «спіс Гараўскага»: усё, што вядома пра імаверных забойцаў апанентаў Лукашэнкі

Крымінальную справу паводле справы пра знікненне Юрыя Захаранкі Следчы камітэт аднавіў.

МГ belsat.eu

Hавiны