Цяпер у Беларусі можна паляваць на вялікую белую чаплю. Яшчэ нядаўна яна была ў «чырвонай кнізе»

Указ Аляксандра Лукашэнкі, які зацвярджае новыя правілы палявання, набыў моц 25 верасня. Дакумент павялічвае тэрміны палявання і пашырае спіс птушак, якіх дазволена адстрэльваць.

Указ Лукашэнкі №112, у прыватнасці, прадугледжвае:

  • вясенняе паляванне цяпер будзе працягвацца не 28 каляндарных дзён, а 28 дзён непасрэднага палявання на працягу 2 вясенніх месяцаў. Забарона на паляванне будзе дзейнічаць з 12.00 да 18.00 (раней было з 11.00. да 18.00);
  • пашырэнне спісу птушак, на якіх дазволена паляваць – цяпер туды ўключаны гогаль, качка-свіцьва і белая вялікая чапля.

Цікава, што гогаль, свіязь і белая чапля яшчэ некалькі гадоў таму былі ўключаны ў «чырвоную кнігу».

Кіраўнік грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі адзначыў у каментары belsat.eu, што менавіта гэтыя два пункты – павелічэнне тэрмінаў палявання і пашырэнне спісу паляўнічых птушак – з’яўляюцца найбольш важнымі. Актывісты АПБ лічаць, што вясновае паляванне па змененых правілах ставіць пад пагрозу папуляцыі птушак – у самы разгар размнажэння яны штодзённа будуць трапляць пад кулі.

Паводле Вінчэўскага, улады тлумачаць рашэнне аб дазволе адстрэлу гогалю і качкі-свіцьвы тым, што тыя візуальна падобныя на іншых птушак, што стварала шматлікія праблемы падчас паляванне. На папуляцыю ж новыя нормы нібыта не мусяць істотна паўплываць.

Белая чапля

Аляксандр Вінчэўскі не лічыць дазвол на адстрэл белай чаплі катастрофай.

«Белая чапля пачала гнездавацца ў нас толькі ў 2010-х гадах у выніку змены клімату. Апошнія гады яны сталі імкліва размнажацца і сталі звычайным відам. Безумоўна, дазвол на адстрэл чапляў не павялічыць іх папуляцыю. Але наўрад ці нас чакае нешта катастрафічнае, бо гэтыя птушкі не будуць папулярныя сярод паляўнічых», – кажа Вінчэўскі.

З гэтым згодны выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара выдання«Паляўнічы і рыбалоў» Аляксандр Піскуноў:

«Я амаль упэўнены, што паляўнічыя гэтую птушку амаль не будуць страляць. Проста не прынята ў нашых паляўнічых страляць птушку, якую цяжка высачыць і нельга ніяк выкарыстаць. Ну, магчыма, хтосьці будзе страляць белую чаплю – мабыць, каб зрабіць падзіла з яе. Але паколькі яе папуляцыя значна павялічылася, то істотнай шкоды ёй паляўнічыя не нанясуць. Нічога страшнага тут няма».

Акрамя таго, кажа Вінчэўскі, важным пунктам з’яўляецца тое, што паляўнічым дазволілі выкарыстоўваць маскіровачныя касцюмы. Гэта, на ягоную думку, нясе больш пагрозы птушкам, чым проста механічнае пашырэнне «паляўнічага спісу».

«Цяпер паляўнічым не трэба адмыслова хавацца і гэта скарачае магчымасці птушак выратавацца. Калі страляюць паўсюль – гэта вельмі кепска для іх», – мяркуе ён.

  • У Еўропе вясновае паляванне на птушак забаронена ва ўсіх краінах, за выключэннем Расеі, дзе трывае абмежаванне да 10 дзён, і Мальты, дзе ёсць дазвол паляваць толькі на адзін від. Вясновае паляванне на птушак у Беларусі асабліва прыцягвае замежнікаў.
  • У траўні актывісты АПБ стварылі петыцыю на адрас Адміністрацыі прэзідэнта з заклікам увесці пяцігадовую забарону вясновага палявання на вадаплаўных птушак, а таксама забарону на выкарыстанне паўаўтаматычных стрэльбаў і электронных вабікаў.

ІІ, belsat.eu

Hавiны