«Цягам содняў спрабавалі ўзарваць рэактар». У Менску прадставілі «Праўду пра Чарнобыль»

Уладзімір Губараў і навуковы кіраўнік Інстытуту энергетыкі НАН Беларусі Аляксандр Міхалевіч. Фота: belsat.eu

У СССР не хапала тэхнічных магчымасцяў, кадраў і працоўнай адказнасці для запуску вялікай колькасці атамных станцыяў. Пра гэта падчас прэзентацыі сваёй кнігі «Праўда пра Чарнобыль» распавёў расейскі журналіст беларускага паходжання Уладзімір Губараў, які ў 1986 годзе, будучы навуковым рэдактарам газеты «Правда», першым з прадстаўнікоў медыя прыбыў на месца Чарнобыльскай аварыі.

«Чарнобыль» і Дзяржынск – катастрофы не вучаць уладу казаць праўду

Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Губарава «Праўда пра Чарнобыль» адбылася 11 кастрычніка ў менскай кнігарні «Светоч». Аўтар распавёў, што чарнобыльскі рэактар быў найлепшым у СССР, за яго стварэнне дырэктар ЧАЭС Віктар Бруханаў мусіў атрымаць званне героя Сацыялістычнай працы. Але недасведчаныя дзеянні аператараў і Кіеўэнерга, якія патрабавалі то ўзняць, то скінуць моц станцыі, прывялі да катастрофы.

«Цягам содняў рэактар спрабавалі ўзарваць. Цягам содняў рэактар супраціўляўся», – заявіў Губараў.

«Глупствы рабіліся бесперапынна»

Сапраўдная Людміла з серыялу «Чарнобыль»: на вяселлі быў нядобры знак

Уладзімір Губараў адзначыў, што напачатку ў пытанні ліквідацыі аварыі на ЧАЭС было поўнае бязладдзе, а «глупствы рабіліся бесперапынна». Да 28 красавіка нават у Маскве «нікому ў галаву не магло прыйсці, што там выбухнуў атамны рэактар», бо дырэктар станцыі паведаміў толькі пра пажар, які да таго ж быў патушаны.

Да 28 красавіка не раздаваліся і адмысловыя антырадыяцыйныя прэпараты, якія маглі б абараніць пажарных і 100 дозаў якіх захоўваліся на ЧАЭС. Ляжалі некранутымі і некалькі тысяч сродкаў для абароны шчытападобнай залозы. А калі іх пачалі выдаваць, дзеці ўжо атрымалі вялікія дозы радыяцыі.

Ліквідатар зняў гэта ў чарнобыльскай зоне, пакуль камеру не забраў КДБ

«І было зразумела, што праз 10 гадоў мы будзем мець успышку анкалогіі ў шчытападобнай залозе», – кажа Губараў.

Паводле журналіста, дзіўна ставіўся да Чарнобыльскай катастрофы і кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў, які нікому не давяраў і лічыў, што яна была зробленая адмыслова супраць яго. Нічога не разумеў і кіраўнік БССР Мікалай Слюнькоў, а кіраўніцтва камуністычнай Украіны, апроч першага сакратара Уладзіміра Шчарбіцкага, наагул вывезла сваіх дзяцей з Кіева ў першыя ж дні пасля аварыі.

Уладзімір Губараў і навуковы кіраўнік Інстытуту энергетыкі НАН Беларусі Аляксандр Міхалевіч. Фота: belsat.eu

На ягоную думку, у кіраўніцтве дзяржавы з ядравай зброяй «ні храна ніхто не разумеў».

«Дзіўныя, вельмі супярэчлівыя падзеі, якія паказалі ў кожным, хто кім ёсць. А кожны паводзіў сябе па-рознаму. Былі баязліўцы, але іх было мала», – распавёў Губараў і дадаў, што тыя, хто непасрэдна быў задзейнічаны ў ліквідацыі аварыі, «не думалі ні пра грошы, ні пра здароўе».

Турысты з Еўропы і Амерыкі распавялі, чым прыцягальны Чарнобыль

Аўтар кнігі заявіў, што сітуацыя рэзка змянілася толькі тады, калі ЧАЭС 19 траўня вывелі з падпарадкавання Міністэрству энергетыкі.

Хоць падчас ліквідацыі наступстваў аварыі было зроблена шмат памылак, «стратэгічных памылак не было». Адзінае, на яго думку, варта было б даць дагарэць паліву ў рэактары. І хоць у такім разе вырастае зона забруджвання, не было б праблемы, што рабіць з палівам, лічыць аўтар «Праўды пра Чарнобыль».

«Я ўзрадаваўся, калі выйшаў фільм Чарнобыль»

30 гадоў таму адбыўся першы «Чарнобыльскі шлях»

Паводле Губарава, пасля выбуху Японія ўсталявала ў паліклініках пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС рэгіёнаў апаратуры для вымярэння шчытападобнай залозы амаль на 1,5 млрд долараў. Шмат якія еўрапейскія краіны прымалі да сябе дзяцей з пашкоджаных радыяцыяй раёнаў, ЗША перадавалі задарма шпрыцы. Але пасля таго, як японскія апараты былі разламаныя або раскрадзеныя, у Еўропу пачалі ездзіць здаровыя дзеці, а амерыканскія шпрыцы сталі прадаваць, замежная дапамога спынілася.

«Я ўзрадаваўся, калі выйшаў фільм «Чарнобыль [серыял ад тэлеканалу HBO «Чарнобыль». – Belsat.eu]», – кажа Губараў.

Журналіст спадзяваўся пабачыць добрую рэакцыю на серыял, але высветлілася, што «людзі не ведаюць нічога». У самім жа фільме, які, паводле яго, зроблены па-майстэрску, «усё хлусня, як не факт – усё брахня».

«Чарнобыль» прызнаны найлепшым міні-серыялам

Таксама, дадаў ён, серыял разлічаны на амерыканцаў.

«Гарэлку п’юць скрынямі, голыя шахцёры – гэта канечне ўзбуджае», – падкрэсліў журналіст і дадаў, што водгукі на «Чарнобыль» яго расстроілі.

БелАЭС – добрая станцыя

Нягледзячы на аварыю на Чарнобыльскай АЭС, Уладзімір Губараў застаецца прыхільнікам ядравай энергетыкі. У прыватнасці, ён ужо быў на «добрай атамнай станцыі» ў Астраўцы і хоча прыехаць на яе запуск, бо яна надае «адчуванне будучыні».

Эвакуацыя, сірэны і адмыслоўцы па радыяцыйнай бяспецы: Літва рыхтуецца да аварыі на БелАЭС. Фотарэпартаж

Паводле выступоўцы, катастрофаў пазбегнуць немагчыма, а ўвесь сэнс у тым, ці атрымаецца іх ліквідаваць. Ён лічыць, што сёння людзі не будуць ахвяраваць сабой, а спачатку спытаюць, колькі ім за гэта плацяць.

«І заўсёды будзе мала», – мяркуе Уладзімір Губараў.

МГ belsat.eu

Hавiны