ЦВК забараніў назіральнікам без дазволу фатаграфаваць чальцоў камісіяў і выбарцаў

Зараз гэта можна будзе зрабіць толькі ў адмыслова дазволеным месцы, піша «Наша ніва».

Перад кожнай выбарчай кампаніяй ЦВК выдае метадычны дапаможнік з падрабязнымі рэкамендацыямі, які мусіць дапамагчы чальцам выбарчых камісіяў у спрэчных сітуацыях.

Выбарчы ўчастак. Фота: Belsat.eu

Зрабілі такі дапаможнік і зараз. І ў сёлетнім дапаможніку ёсць вельмі важнае адрозненне ад папярэдняга. Зараз там дадаткова прапісаная забарона рабіць здымкі чальцоў камісіі і выбарцаў.

Вось як дакладна гэта выглядае:

«Фота, – відэаздымка ў памяшканні ўчастковай камісіі ажыццяўляецца назіральнікамі ў наступным парадку: старшыня ўчастковай камісіі загадзя вызначае месца, з якога назіральнікам дазваляецца зрабіць некалькі здымкаў, якія ілюструюць працэс галасавання і падліку галасоў. Пры гэтым назіральнік не павінен ствараць перашкоды для членаў участковай камісіі і выбарцаў. Старшыня камісіі можа загадзя вызначыць месца для такіх здымак, размясціўшы там указальнік «месца для фотаздымкі»; фота, – відэаздымка членаў участковай камісіі, выбарцаў без іх дазволу і дазволу старшыні ўчастковай камісіі забараняецца».

Пры гэтым летась у дапаможніку было рэкамендавана дазваляць назіральнікам рабіць некалькі здымкаў.

«Нягледзячы на тое, што Выбарчы кодэкс не ўказвае на права назіральнікаў ажыццяўляць фотаздымку ў памяшканні для галасавання, варта дазваляць назіральнікам па іх просьбе зрабіць некалькі фотаздымкаў. Пры гэтым назіральнік не павінен ствараць перашкоды для членаў участковай камісіі і выбарцаў. Старшыня ўчастковай камісіі можа загадзя вызначыць месца, з якога дазваляецца зрабіць здымкі, размясціўшы там паказальнік «месца для фотаздымкі».

Сёлета выбары прэзідэнта пройдуць 9 жніўня.

КТ belsat.eu

Hавiны