«Цудоўныя жанчыны»: сацыяльныя актывісткі распавялі як змяніць свет да лепшага


У Менску 26 студзеня адбылася імпрэза «Цудоўныя жанчыны», дзе выступілі сацыяльныя актывісткі, якія спецыялізуюцца на тэмах фемінізму, веганства, антыкапіталізму і экалогіі. Дзяўчыны распавялі пра свае погляды і тыя ідэі, за якія яны змагаюцца. Мерапрыемства зладзіла адукацыйная ініцыятыва «Тэндар на гендар».

Веганства

Марта Скугарава

Марта Скугарава працуе спецыялісткай па камунікацыям першай у Беларусі веганскай фастфуд-кавярні MonkeyFood. Дзяўчына ўпэўнена, што веганства можа змяніць свет. Паводле Марты, колькасць веганаў у свеце імкліва расце і таму гэта ўжо не «дыета меншасці», а міжнародны рух.

Светапогляд Марты грунтуецца на трох прынцыпах: сіла выбару, тэорыя малых справаў і сяброўства.

«Я веру ў сілу асэнсаванага выбару. Кожны раз, калі мы нешта выбіраем, мы ад чагосьці адмаўляемся і нешта падтрымліваем. Калі я выбіраю пшанічнае мяса, я адмаўляюся ад забойства, ад сацыяльнай няроўнасці, ад знішчэння зямельных водных рэсурсаў. Сёння 1 млрд людзей у свеце адчуваюць недахоп у харчаванні. На вытворчасць адной кілакалорыі мяса мы трацім 300 кілакалорыяў збожжа. Існуюць рэсурсы, каб зрабіць 9 млрд людзей сытымі, але для гэтага трэба зрабіць правільны выбар», – падкрэслівае яна.

«Я думаю, што выбар – гэта не толькі пра тое, што адбываецца цяпер і тут. Выбар – гэта заўсёды пра тое, кім мы хочам стаць і ў якім свеце хочам жыць у будучыні», – дадае актывістка.

Марта Скугарава

Другім важны момант у актывізме Марта лічыць тэорыю малых справаў.

«Кожны з нас робіць тое, што для яе з’яўляецца магчымым, і вынікі гэтых многіх дзеянняў абʼядноўваюцца ў крытычную масу, якая рана ці позна змяняе сістэму. Калі гэта адбываецца, калі мы абʼядноўваемся ў патоку нашага дзеяння, важна памятаць пра трэці аспект актывізму – сяброўства. Яно павінна ўтрымаць гэты паток, каб змены маглі адбыцца», – кажа яна.

Таму ў глабальным сэнсе Марта лічыць, што кожная актывістка – гэта супер-жанчына.

«Мы жывем у такім свеце, дзе прэзідэнт ЗША (экс-прэзідэнт Барак Абама. – Заўв. belsat.eu) можа заявіць, што ён фемініст. Дзе ААН можа абмяркоўваць гендарную роўнасць дэталёва і на ўсіх узроўнях. Мы бачым тысячы жанчын, якія адстойваюць сваё права, удзельнічаючы ў глабальным руху MeToo. Гэта адбываецца дзякуючы ўсім нам, таму мы і ёсць «цудоўныя жанчыны», – кажа яна.

Супраць хатняга гвалту

Аляксандра Савініч

Аляксандра Савініч – журналістка CityDog.by. Паводле Аляксандры, яна пачала займацца журналістыкай, таму што жадала дапамагаць людзям.

Дзяўчына лічыць, што яе прафесія складаецца з шэрагу важных прынцыпаў. Па-першае, журналіст мае прывілею даць голас таму чалавеку (або сацыяльнай групе), у якога гэты голас забралі і правы якога парушаюцца. Па-другое, журналістыка, на думку Аляксандры Савініч, гэта адказнасць, бо часам менавіта рэпарцёр вырашае, што і хто будзе распавядаць. У трэціх, Аляксандра ўпэўнена, што яе прафесія непарыўна звязаная актывізмам – бо распавядаючы пра дыскрымінацыю і парушэнне правоў чалавека, журналіст імкнецца змяніць рэальнасць да лепшага.

Аляксандра Савініч

«У пэўны момант я пачала разумець, што з некаторымі героямі я не магу проста так развітацца і мне вельмі важна штосьці яшчэ для іх зрабіць. Гэтак незаўважна актывізм укараніўся ў мае жыццё», – кажа яна.

Сапраўды, цяпер Аляксандра Савініч спалучае журналістку з сацыяльным актывізмам. Летась яна далучылася да ініцыятыўнай групы «Маршыруй, дзетка!», якая прасоўвае канцэпцыю зменаў у заканадаўства наконт хатняга гвалту. Група стварыла петыцыю ў падтрыманне сваіх ідэяў, што Аляксандра лічыць важным крокам у грамадскім жыцці. «Гэта праява нашай грамадзянскай пазіцыі», – падкрэслівае яна.

Экалогія

Марыя Сума

Марыя Сума, якая прадстаўляе Цэнтр экалагічных рашэнняў, кажа, што яе актывізм пачаўся з цікавасці да філасофскіх пытанняў. Цяпер яна працуе ў экалагічнай арганізацыі, якая спецыялізуецца на тэме перапрацоўкі адходаў. Марыя лічыць гэтую праблему надзвычай важнай для кожнага чалавека.

«Для мяне экалогія і тэма адходаў гэта, па вялікім рахунку, паказнік твайго жыцця. Калі ад цябе ў смеццевым кошыку застаецца шмат – значыць у тваім жыцці шмат непатрэбнага», – лічыць яна.

Марыя Сума

Марыя падкрэслівае, што ў Беларусі нельга будаваць смеццеперапрацоўчыя заводы, бо гэта кепска для экалогіі.

«Для мяне рашэнне праблемы – гэта зрабіць так, каб смецця проста не было. Гэта ўсё тая ж тэорыя малых справаў. Перапрацаваць усё немагчыма. Таму мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб адмовіцца ад таго, што нам не трэба і скараціць тое, чым мы карыстаемся. Бо прычына ўсіх экалагічных праблемаў – гэта пераспажыванне», – упэўнена Марыя.

Арганізатарамі імпрэзы выступілі сябры ініцыятывы «Тэндар на гендар».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў