«Ціхары» чакаюць на прыхільнікаў пераменаў у Менску. У Ганцавічах і Берасці – жывы ланцуг

Тэлеграм-канал Беларусь головного мозга паведамляе, што каля 20:00 пачаў выстройвацца жывы ланцуг на Каменнай горцы. У гэты ж час, нечакана, жывы ланцуг утварыўся ў Ганцавічах, піша блогер Nexta са спасылкаю на жывую трансляцыю.

На жывы ланцуг выйшлі таксама берасцейцы.

20 чэрвеня на Кастрычнiцкай плошчы Менску сабраліся… сілавікі, гэтак званыя ціхары.

«Каля парку чакаюць два аўтазакі з надпісам «людзі». Адзiн аўтазак міліцэйскі, троху меншы, і некалькі мiкрабусаў. За кожным кустом у цывільным стаяць цiхары. За Палацам Рэспублікі спыняюць аўты для праверкі», – паведаміў карэспандэнт «Белсату».

Кастрычніцкая плошча 20 чэрвеня а 18:00. Фота: «Белсат»

За будынкам цырку – два аўтазакі, міліцэйскі бус і аўта. У аўтазаках поўна сілавікоў. Апроч іх у імаверным месцы збору мірных беларусаў прысутнічаюць супрацоўнікі ДАІ. Падобна, што абаронцы дзейнай палітычнай сістэмы чакаюць на працяг ўчорашніх выступленняў на плошчы.

Аўтазакі за будынкам цырку 20 чэрвеня чакаюць мірных беларусаў. Фота: «Белсат»

Аўтазакі прыгналі таксама ў раён сталічнай Філармоніі.

Толькі ў Менску 19 чэрвеня міліцыя затрымала каля сотні чалавек. Некаторыя кажуць, што іх білі

Жывы ланцуг у апошні дзень правядзення пікетаў па зборы подпісаў сабраў тысячы чалавек у беларускіх гарадах. Каля 140 прыхільнікаў пераменаў затрымалі. У пратаколах – арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). На целе ў некаторых – пабоі.

20 чэрвеня стартаваў другі этап выбарчай кампаніі – вылучэнне кандыдатаў на прэзідэнцтва. Да 4 ліпеня патэнцыйныя кандыдаты маюць падаць у Цэнтрвыбаркам сабраныя за вылучэнне подпісы, дэкларацыі аб даходах і аўтабіяграфіі.

Першы этап выбарчай кампаніі – збор і падача ў тэрытарыяльныя камісіі подпісаў – завяршыўся ў Беларусі 19 чэрвеня. Аднаго з альтэрнатыўных вылучэнцаў, найбольш папулярнага сярод насельніцтва – Віктара Бабарыку, а таксама мужа і натхняльніка вылучэнкі Святланы Ціханоўскай – Сяргея дзяржава ўтрымлівае ў няволі. Супраць абодвух вядзецца крымінальны пераслед.

ЮЦ Belsat.eu

Hавiны