Ці вызвалілі Сянцова? Афіцыйныя крыніцы абвяргаюць


Ноччу вядомая расейская журналістка Вікторыя Іўлева ў сваім Facebook напісала, што Алег Сянцоў, магчыма, вызвалены. Ніякіх пацверджанняў гэтаму дагэтуль не знайшлося.

Стрыечная сястра Алега Сянцова Наталля Каплан напісала, што яна не можа нічога сказаць наконт гэтай інфармацыі.

Інтэрнет-сэрвіс Flightradar, які адсочвае палёты, не зафіксаваў ніякіх самалётаў з Салехарду да Кіеву.

Каля трэцяй гадзіны начы Вікторыя Іўлева напісала яшчэ адзін пост, з якога выходзіць, што журналістку маглі падмануць ейныя крыніцы.

У той жа час Федэральная служба выканання пакаранняў заяўляе, што ніхто Сянцова не вызваляў.

«Інфармацыя пра тое, што асуджаны Сянцоў А. Г. быццам бы пакінуў папраўчую калонію, не адпавядае рэчаіснасці», – паведамілі «РИА Новости» у ФСВП па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе.

У 2014 годзе ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова арыштавалі супрацоўнікі ФСБ Расеі. У 2015 годзе быццам бы за падрыхтоўку тэрарыстычнага акту і падпал дзвярэй офісу партыі «Единая Россия» у Крыме яму прысудзілі 20 гадоў турмы. Сянцоў адбывае пакаранне ў калоніі на Ямале.

14 траўня Сянцоў абвесціў галадоўку і трымае яе дагэтуль. 8 жніўня стрыечная сястра Сянцова паведаміла, што ён знаходзіцца ў крытычным стане.

«Усё не проста дрэнна, усё катастрафічна дрэнна. Алег мне праз адваката перадаў ліст, ён амаль не ўстае. Напісаў, што канец блізкі, і ён гэта не пра вызваленне. Пытаецца, ці нехта цікавіцца яшчэ ягонай галадоўкай, яму не перадаюць лістоў, ніякіх! Кажа, што ён цяпер у інфармацыйным вакууме і наагул не ведае, што адбываецца», – напісала Каплан.

Чытайце таксама:

З’явіліся фота Алега Сянцова пасля 89 дзён галадавання

Рэжысёр Алег Сянцоў напісаў сястры, што «канец блізкі»

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў